Прадказальны суд: гродзенцы ўсё ж заплоцяць штраф за фотаздымак у інтэрнэце
Скаргу Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча на прысуд суда Ленінскага раёна Гродна аб пакаранні іх штрафамі за змешчаны ў інтэрнэце фотаздымак разглядаў суддзя Заяц, які ўзяў бок суда папярэдняй інстанцыі.
Уладзімір Хільмановіч:
–Вынікі прадказальныя.
Ніякіх нашых аргументаў суд не мог успыняць, таму што справа палітычная, бо, з пункту гледжання юрыдычнага не было б ні пратаколу, ні суду, ні скаргі.
Цягам тыдня цяпер мы мусім выплаціць штраф, бо інакш могуць прыйсці судовыя выканаўцы, нас унясуць у базу невыязных.
Будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Падаваць без усялякага спадзеву, але пакідаць справу так нельга, бо створаны вельмі небяспечны прэцэдэнт: цяпер любога грамадзяніна можна асудзіць за змешчаны ў інтэрнэце фотаздымак.
Паралельна аштрафаваныя гродзенскія праваабаронцы збіраюцца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Уладзімір Хільмановіч:
-Хоць Беларусь рэгулярна ігнаруе рашэнні Камітэта, усё ж нельга пакідаць такую няпраўнасць.
У дзень сусветнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня 2012 года гарадзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам дэкларацыі. Пазней гарадзенскай міліцыяй гэты медыйны факт быў кваліфікаваны як “несанкцыянаваны пікет”, а кожны з сфатаграфаваных аштрафаваныя 5 студзеня 2013 года на 1,5 мільёна.
Сёння ж Наваполацкі гарадскі суд на 2,5 мільёны аштрафаваў Сяргея Малашэнку, які, як і Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч,
сфатаграфаваўся з партрэтам Алеся Бяляцкага ў руках.
24 студзеня за аналагічны фотаздымак на 500 тысяч рублёў быў аштрафаваны Яўген Парчынскі.
Наваполацкія актывісты кажуць, што іх учынак быў свядомым: яны хацелі выказаць салідарнасць з палітвязнем Алесем Бяляцкім, таму фатаграфаваліся з ягоным партрэтам. Таксама выказвалі салідарнасць і з гарадзенскімі праваабаронцамі, якіх за падобныя фотаздымкі, размешчаныя ў інтэрнэце, аштрафавалі 5 студзеня.
Напярэдадні разгляду скаргі гродзенскіх праваабаронцаў, прадстаўнікі мінскага офісу Праваабарончага цэнтра “Вясна” на знак салідарнасці з калегамі сфатаграфаваліся з фотаздымкамі сябраў “Вясны” Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і сябра БХК Рамана Юргеля ў руках.
Сёння здымкі з’явіліся ў інтэрнэце.