Бедны, але вельмі сэксуальны Берлін

| Без катэгорыі

Сапраўды, атмасфера і архітэктура ўсходняй частцы горада вельмі нагадвае любы беларускі горад у пачатку года. Шэрыя блокавыя дамы, невялікая колькасць рэкламы, адсутнасць мітусні і пакінутыя елкі на ходніках пасля навагодніх святаў.

 

Шумны і турыстычны

 

Але не ўвесь Берлін такі. На цэнтральных вуліцах шмат турыстаў. Горад зарабляе сваёй гісторыяй. Прычым прадаўцы ў вулічных шапіках, у асноўным, туркі.

 

Тут гандлююць савецкімі шапкамі-вушанкамі, трохвуголкамі і процігазамі.

 

Каля “Чэкпоінта Чарлі” – былога КПП на Фрыдрыхштрасэ – турысты фатаграфуюцца з паставымі і з захаванымі парэшткамі Берлінскай сцяны. Чарлі – гэта не імя канкрэтнага чалавека, а першае імя, якое пачынаецца з літары “С”, трэцяй літары ангельскага алфавіту.

 

На некаторых частках сцяны можна ўбачыць вулічнае графіці. Маленькія кавалачкі прадаюцца ў якасці сувеніраў у выглядзе бірулек, закладак і магніцікаў. Дзіўна, але кожны асколак мае сертыфікат аб тым, што гэта сапраўдная частка Берлінскай сцяны!

 

Гэта мемарыял Берлінскай сцяны. Уваход для дарослага абыдзецца ў 6 еўра.

 

Што датычыцца архітэктуры, я адзначыла для сябе мноства будынкаў у гатычным стылі і адзначаныя воспай абстрэлаў фасады дамоў і помнікаў. На здымку бачныя меткі ад абстрэльнага агню ў габрэйскім квартале Берліна.

 

У сярэдзіне студзеня яшчэ працуюць шматлікія калядныя рынкі, дзе можна купіць свежыя кветкі, вяленую рыбу і цёплыя вязаныя тапкі ручной працы.

 

У цэнтры Берліна любой турыст можа зазірнуць у самую старажытную царкву Святой Марыі і паслухаць арганную музыку.

 

У Берліне кожны зарабляе тым, што ўмее. За фота хлопец папрасіў 1 еўра. Дзецям можна глядзець бясплатна.


Бедны і сэксуальны

 

Берлін – самы бедны горад Германіі. Тут самая вялікая колькасць людзей, якія жывуць на сацыяльную дапамогу ў памеры 480 еўра.

 

Як распавядае берлінка Ульрыке, запазычанасць горада перад краінай складае шэсць мільярдаў еўра. Аднак на беднасць горада ніхто не звяртае ўвагі.

 

“Berlin ist arm, aber sexy” – “Берлін бедны, але сэксуальны”, – кажа мэр горада Клаўс Воверайт. Тут ніхто не хавае сваю сэксуальную арыентацыю, прыналежнасць да субкультуры ці рэлігійныя погляды.

 

Карыкатура на галоўнага рэдактара вядомага “жоўтага” выдання Bild Кая Дыкмана на сцяне рэдакцыі берлінскай газеты taz, зробленая скандальным нямецкім мастаком Петэрам Лінкам.


Звыклы і традыцыйны

 

Рэшткі берлінскай сцяны бачныя не толькі на вуліцах горада. Яны адклалі адбітак і на звычках берлінцаў.

 

Цікава было пачуць і тое, што жыхары ўсходняй і заходняй частак чытаюць зусім розную прэсу, у якой абмяркоўваюцца абсалютна іншыя тэмы. Гэта як 2-у-1 і такія розныя жыцці.

 

Экскурсавод паказвае на кропку на даху Рэйхстага, дзе быў узведзены савецкі сцяг.

 

Гісторыя наклала адбітак і на харчовыя прыхільнасці горада. Напрыклад, жыхары ўсходняй і заходняй частак горада п’юць рознае піва.

 

Аднак здзівіла больш за ўсё не гэта. У адрозненні ад беларускіх пенсіянераў, нямецкія па выхадных маюць звычку, больш за тое – традыцыю, збірацца на сняданак (!) ці абед у маленькіх пабах, выпіць кубачак капучына ці куфаль піва і патанчыць пад жывую музыку.

 

Смачны і пажыўны

 

Што тычыцца харчавання, то, праз інтэрнацыянальнасць горада, тут можна сустрэць рэстараны любой кухні свету.

 

Па дарозе ў італьянскі рэстаран немка Барбара кажа, што ўсе кухні, якія ёсць у Берліне, жартам лічацца ў народзе нямецкімі.

 

В’етнамская, мексіканская, італьянская, нямецкая, руская – тут можна пакаштаваць плойму незнаёмых страў.

 

Шакаладны Рэйхстаг, для тых, хто не змог трапіць у сапраўдны. Выстаўлены ў краме, дзе прадаецца толькі шакалад. Таксама там ёсць Брандэрбургскія вароты і Берлінская тэлевежа вялікіх памераў.

 

Аднак самым яркім успамінам пра ежу Берліна застанецца турэцкі кебаб, які прадаваўся ў намёце Мустафы адразу каля ўваходу ў гасцініцу. Я не памятаю дня, каб там не было чаргі як мінімум чалавек 20.

 

Па аповедах адміністратара гасцініцы, гэта самы папулярны кебаб Берліна. Раён Мерынгдам лічыцца адным з самых папулярных моладзевых раёнаў горада. Гэта таксама дадае папулярнасці вулічнаму фаст-фуду.

 

Жыхар Берліна прымае ўдзел у акцыі “У Беларусь і Еўропу – без візы!”

 

У выніку Берлін застаўся для мяне горадам кантрастаў: разбураны і сучасны, савецкі і заходні, элітарны і жабрацкі, велізарны і расшчэплены. Немцы кажуць, што ён яшчэ цёплы і зялёны. Але гэты кантраст беламу, зімоваму і халоднаму Берліну яшчэ трэба будзе ўбачыць.

 

Фота аўтаркі


Падарожнічай з “Тваім стылем” дзякуючы нашай інтэрактыўнай мапе падарожжаў!


Праглядзець Мапу падарожжаў “Твайго стылю” ў большым памеры