“Многія знакамітыя музыкі пачыналі з вуліц і пераходаў”

Як ты пачаў граць у падземцы?

 

Я прайшоў шмат у сваiм кароткiм жыццi. Але так атрымалася, што я пазнаёміўся з вулічным музыкам, які прапанаваў мне паграць дуэтам у пераходзе. Я пагадзіўся дзеля эксперыменту, але потым мы сыграліся і ўжо гралі разам амаль кожны дзень.

 

Калі было цёпла, гралі на вуліцах, ездзілі ў Гродна, у Маладзечна і іншыя гарады. Потым я пазнаёміўся з дзяўчынай, якая вельмі прыгожа спявае і сваім вакалам літаральна прымушае ўсміхацца сэрцы людзей.

 

Мы пачалі разам з ёй працаваць, не толькі дзеля грошай, але яшчэ і для людзей, бо гэта выдатна, калі людзям падабаецца і яны шчыра дзякуюць за тваю працу.


А асноўная праца ў цябе ёсць? Дзе ты вучыўся?

 

На дадзены момант як такой працы няма, падзарабляў ахоўнікам, грузчыкам. Вучыўся ў Смаргоні ў звычайнай школе, займаўся барацьбой, пасля ў 2005 годзе паступіў у ліцэй МНС. Пасля ліцэя жыццё так склалася, што сышоў у манастыр. Але ў манастыры доўга не затрымаўся, пайшоў служыць Радзіме у спецназе.

 

Прысяга ў МНС, 2009 год


Якое цікавае ў цябе мінулае. А чаму з МНСам лёс не звязаў?

 

Я не прайшоў камісію, мне сказалі што нельга займацца спортам, так як у мяне сіндром Жыльбера, хоць я займаўся барацьбой 8 гадоў і займаў прызавыя месцы, ёсць разрад і трэцяе месца ў рэспубліканскім турніры. Пасля таго, як я не прайшоў камісію, пайшоў служыць, пасля працаваў ахоўнікам, а цяпер з’яўляюся вулічным музыкам.


Прысяга ў МНС, 2009 год


Ты гаварыў пра манастыр, як ты туды трапіў?

 

Было ў мяне жаданне застацца ў такой адзіноце, паколькі там спакойна і душы добра. Часам кіпцюры могуць упiцца ў нагу, але нага – не сэрца, коткі так не раняць, як людзі часам …


То бок, былі праблемы з дзяўчатамі і ты сышоў у манастыр? Не баяўся туды ісці?

 

Праблем з дзяўчатамі ў мяне не было. Была проста адна дзяўчына, з якой мы рассталіся, але я яе так кахаў, што не хацеў змяняць сваёй любові. Але гэта не галоўная прычына. Ісці не баяўся, бо было жаданне стаць манахам.


І чаму ж не стаў?

 

Не змог, напэўна… Дакладна не магу сказаць. Магчыма, калі б я трапіў у іншы манастыр, больш аддалены ад горада, то я б застаўся. Я захацеў сысці ў іншы манастыр, але ў той жа час, пасля сыходу, кантакты з людзьмі і новыя рамантычныя адносіны не дазволілі гэтага зрабіць.

 

Служба ў войску кардынальна змяніла мой характар. Ды і калі я быў у кляштары, то заўважыў, што настаяцель паводзіць сябе зусім не так, як належыць. Мы ўсе грэшныя і я не асуджаю яго. Але калі я расказваў яму пра сваю цягу да дзяўчат, а ён прапаноўваў сваю дапамогу ў вырашэнні праблемы, то мяне гэта напалохала.

 

Потым, калі ўбачыў, што ён п’яны спіць і ўвесь пакой задымлены ад цыгарэт, то я расчараваўся ў ім, хаця з самага першага знаёмства лічыў яго святым чалавекам…


Куды накіраваліся пасля манастыра?

 

Пайшоў у войска, трапіў у армейскі спецназ. Першыя паўгода з’язджаў з глузду ад маральных і фізічных нагрузак, тым больш гэта ўжо ішоў пяты год майго жыцця ў казарме. Але потым станавілася лягчэй і служба момантамі нават успамінаецца з тугой у сэрцы. У войску граў для хлопцаў, складаў вершы, дапамагаў лісты пісаць.

 

Служба ў спецназе


Дык адкуль такая схільнасць да музыкі?

 

Музыка гэта голас душы. Я гітарыст-самавучка, палюбіў музыку і суткамі сядзеў за ёй, укладваючы ў інструмент свае пачуцці, з якіх паўставалі прыгожыя творы. Не ведаю, адкуль талент, але ведаю, што мой прадзед быў скрыпачом-самавукам і сам рабіў скрыпкі. Можа быць ён мне зараз і дапамагае ў падзяку за тое, што я памятаю пра яго.


І ў войску Андрэй не забываўся на музыку


Музыка дапамагае табе выжыць?

 

Вядома, як душэўна, так і жыццёва. Музыкай можна прымусіць усміхацца, сумаваць, можна заваяваць сэрца і г.д. Музыка гэта чараўніцтва, а музыканты – чараўнікі.


Можа спрабаваў куда-небудзь уладкавацца? Музыка гэта добра, але трэба ж нешта выбіраць, усё жыццё не будзеш граць у падземцы.

 

Гэтым можна жыць, прыклад – Дзідзюля, вядомы гітарыст, а пачынаў з пераходаў. Ці Луі Армстронг – легенда джазу – гэтаксама на вуліцах пачынаў. Мноства прыкладаў.


Андрэй на здымках фільма


Плануеш выбіцца на сцэну?

 

Так, але пазней, трэба асвоіць яшчэ тэхніку і шмат чаму яшчэ навучыцца. На гэта спатрэбіцца час.


А дзе жывеш?

 

Пад мостам у Мінску (смяецца). Здымаю кватэру.


Якія планы на будучыню?

 

Уладкавацца па спецыяльнасці (ахоўнікам) і працягваць займацца музыкай. Калі чагосці даб’юся, пайду далей, а калі не, то буду рабіць для тых хто побач і каму гэта падабаецца.

 

P.S. Зараз Андрэй знаходзіцца ў Маскве і там грае ў электрычках… З вершамі Андрэя можна пазнаёміцца тут.