Апрануцца за 30 секунд, або У шкуры выратавальніка

Нашыя “суткі” пачынаюцца ў 7.50 раніцы. ПАВЧ № 4 знаходзіцца на вуліцы Чырвонагвардзейскай. Тут нясуць службу 40 чалавек.

На вуліцы цёмна і халадно. А вось у гаражы часткі надзвычай цёпла. Пахне дызпалівам, гумай і трохі дымам. Канешне, мы ж у пажарнай частцы! Пах дыму тут паўсюль, на першы погляд незаўважны, але церпкі, ледзь прыкметны…

 

Начальнік часткі Сяргей Зелікаў праводзіць нас па сваёй гаспадарцы. “Вось тут адпачываюць дыспетчары”, – паказваючы невялікі пакой, кажа ён і вядзе нас далей.

Вучэбны клас, спальня для байцоў, якая больш нагадвае пакой у дзіцячым летніку, утульная і вялікая кухня,  майстэрня, дыспетчарская. Ёсць ў частцы і душ, і месца, дзе байцы пераапранаюцца. У гаражы стаіць самаробны більярд. Здаецца, пажарныя тут жывуць.

Хутка знаёмімся с дыспетчаркай Вольгай, а Сяргей Васільевіч ужо расказвае пра ўчастак, які патрулюе ПАВЧ № 4, паказваючы на мапе межы яго патрулявання.

 

Ёсць яшчэ вежа для прасушкі рукавоў ды спартова-навучальны комплекс для штодзённых трэніровак на вуліцы. Пятніца – дзень без спецыяльных заняткаў, але трэніроўкі ніхто не адмяняў. Мы не паспяваем азірнуцца, як пажарныя, апранутыя ў форму ды абсталяваныя партатыўнымі процігазамі, бадзёра накіроўваюцца на вуліцу.

“Чыстае паветра” – так называецца адпрацоўка на лесвіцах і трэнажорах элементаў падрыхтоўкі да сапраўдных пажараў. Збоку здаецца, што нескладана прайсціся па лесвіцы ды прабегчы на вышыні. Аднак разумею, што гэта не так лёгка, калі на мяне апранаюць балон са сціснутым паветрам ды працігаз. Дыхаць надзвычай цяжка. Лёгкія, з непрывычкі, пачынаюць балець.

 

“Як вы толькі вытрымліваеце трэніроўку?” – пытаю ў хлопцаў. Тыя смяюцца.

 

Вырашаю пахадзіць з абсталяваннем – калі яшчэ такая магчымасць будзе!  Доўга не вытрымліваю. Цяжкі балон (16 кілаграм) давіць на плечы, дыхаць нязручна. З палёгкай аддаю абсталяванне прафесіяналам. Яны прызвычаяныя – падцягваюцца, дыхаючы паветрам з балонаў.

 

Ідзем у дыспетчарскую – грэцца і піць гарбату. Званкоў няма і ў гаражы ціха. Праз некалькі гадзін дзяжурства пачынаем пачуваць сябе ў частцы, як дома. На нас ужо ніхто асабліва не звяртае ўвагі.  Гаспадарчыя справы – галоўнае ў пятніцу.

Байцы ідуць уладкоўваюць тэрыторыю – чысціць яе ад снега, а мы сядзім у дыспетчарскай і слухаем байкі з жыцця выратавальнікаў. Вольга распавядае розныя хітрасці свайго жыцця ў частцы. І аб тым, што калектыў сплочаны і вельмі сябруе, і пра тое, што кожны з выратавальнікаў памятае свае пажары. Мы пераканаліся ў гэтым, калі пазней за вячэрай слухалі розныя гісторыі.

 

“А памятаеш, дом гарэў у Новым Свеце? Памятаеш, інтэрнат тушылі, а яшчэ ў шпіталі згарэла абсталяванне ў працэдурным кабінеце, дыму было!”

 

Усе гэтыя, на першы погляд, несур’ёзныя ўспаміны хаваюць за сабой адказную і цяжкую працу. Таксама ў псіхалагічным плане. Выратавальнікам не раз прыходзілася сутыкацца з цяжкімі наступствамі пажараў. Але са стойкасцю і спакоем яны зноў і зноў выязджаюць на вызавы.


Сала – стратэгічны прадукт!

 

Незвычайная любоў выратавальнікаў да сала здаецца нейкай прымхай. Але аказваецца, есці сала на дзяжурствах – традыцыя не толькі ў гэтай частцы. Так павялося. “Гэта стратэгічны прадукт!” – кажа Вольга.

 

Ім нас і частуюць. Хлеб, цыбуля, сала – неверагодна, але, здаецца, самае смаччнае, што ела.

 

“Чаму стратэгічны ? – пытаюся. “Не ведаю, але так павялося”, – адказвае Воля.

Мы сядзім на кухні, абсталяванай усім неабходным для жыцця. Суткі дзяжурства гэта напружаная і важкая частка жыцця кожнага з выратавальнікаў. З першага погляду можа здавацца – ну, што рабіць – сядзіш ды чакаеш  нейкага здарэння. Аднак гэтае штосекунднае чаканне вельмі вымотвае. Кожнае тэлефанаванне не па справе напружвае.

 

Званок. Здарэнне? Не, паведамляюць інфармацыю аб заторах і корках. Гэта вельмі важна. Калі машыны выязджаюць па вызаве – кожная хвіліна дарагая і затрымка можа каштаваць каму-небудзь жыцця. Таму рызыкаваць нельга.

 

Карты, па якім арэентуюцца пажарныя – намаляваны ад рукі. Гэтыя схемы добра адпрацаваныя і вельмі дапамагаюць скараціць шлях. “А чаму не карыстацца тымі, што спадарожнік робіць?” – пытаемся мы.

 

Так, і такімі карыстаюцца, але адмаляваныя больш зручныя і прывычныя. На іх адзначаюцца розныя недакладнасці, якія часцяком могуць узнікнуць. А ўвогуле, маршруты па горадзе ўжо аўтаматычна складаюцца ў галовах дасведчаных кіроўцаў.


Баявыя машыны нібы жывыя

 

Час ляціць незаўважна. Хутка ўваходзіш у ціхае жыццё часткі. Здаецца, вакол нікога няма. Ні горада, ні машын, ні здарэнняў. Нейкае рэаліці-шоў са сваімі законамі і рытмам. Зусім іншым, чым у горадзе. І як жа здзіўляешся, калі, выходзячы ў краму, сустракаеш іншых людзей!  Хуценька вяртаемся ў частку.

Праходзячы па цёмным гаражы, лаўлю сябе на думцы, што пажарныя машыны – паўнавартастныя чальцы пажарнай каманды. Нібы жывыя. У абед іх выкатваюць з гаража, каб памыць. Наогул, мыць машыны трэба пасля кожнага выезда.

 

Запас вады ў пажарнай машыне звычайна 2,5 тоны. Гэтага хапае ўсяго на 8-12 хвілін працы. Таму ў тых, хто гэтага не ведае, часта складаецца ўражанне, што агняборцы прыехалі без вады. Аднак на выклік машына павінна выязджаць цалкам запоўненая вадой. Ужо на месцы выратвальнікі, калі трэба, шукаюць вадаём ці гідранд для таго, каб працаваць далей.


Апрануцца за 30 секунд – вышэйшы пілатаж

 

Наш першы выклік – у 21 гадзіну. Нешта гарыць на складах па вуліцы Перамогі. Ціхі і, здаецца, заспаны гараж імгненна ажывае. Заводзяцца і гудуць машыны, пажарныя ўжо бягуць да іх, апранаючыся па дарозе. Мы разгублена стаім пасярод гаража і спачатку не разумеем, што адбываецца, настолькі хутка ўсе мяняецца.

 

Як толькі дадзены сігнал збору, за 30 секунд пажарныя паспяваюць надзець усю экіпіроўку, яшчэ праз 30 захапіць каскі ды сесці ў аўтамабіль. Нехта ўжо адкрыў вароты гаража.

 

Машына стартуе ў бок пажара ды імчыць па вечаровых вулках горада, асвятляючы іх сінім святлом.

 

На складах аказалася, што гараць пакрышкі. Патушылі літаральна за хвіліну. Хутка сабралі абсталяванне. Нехта дае мне патрымаць ручны ствол, што падключаецца да пажарных рукавоў. У частку прыязджаю з бруднымі чорнымі рукамі. Доўга адмываю копаць. “А як ты хочаш? Мы з кожнага пажара, нават з маленькага, прыязджаем брудныя”.

Вельмі хочацца спаць. Пасля вячэры ночым у агульным пакоі. Недзе ў 2 гадзіны чую: “Прачынайся!” – “А што, быў сігнал?” – імгненна ўскокваю з ложка.

 

Ён быў, толькі я не пачула. Мы, адчуваючы сябе ўжо бывалымі, таксама ўскокваем. На гэты раз узгаранне на Фолюшы ў жылым доме. На выклік выязджае адразу тры машыны. Гэта ўжо не жарты – пажар там, дзе жывуць людзі!

 

Аднак, трапіўшы на месца, даведваемся, што гарэла папера ў пад’ездзе, якую патушылі самі жыхары. А ў двор ужо прыязджае брыгада хутка дапамогі і брыгады з іншых частак, што былі побач. Тут раптоўна разумееш, колькі выдаткоўваецца высілкаў! Брыгаду хуткай дапамогі адпускаюць, а самі пажарныя правяраюць, каб сапраўды не было нічога сур’ёзнага. Ну ўсё, можна ехаць дахаты.

 

Рэшта дзяжурства праходзіць спакойна. У ПАВЧ-4, як і ў іншых частках, дзяжураць пасутачна, у тры змены. Дзень пачынаецца ў 6.00 раніцы. Пад’ём, фіззарадка. Агульнае пастраенне. Калі няма затрымак на аб’ектах, то перадача змены адбываецца з 8.00 да 8.30. І ўсё пачынаецца спачатку.

Пакідалі частку мы таксама ў цемры. Яшчэ не развіднела. Там, за вялікай брамай гаража, ідзе сваё, непаўторнае жыццё, якое пахне трохі дымам, трохі гумай, трохі палівам. Чакаюць выезда чысцюткія баявыя машыны, а на дзяжурства заступае новая змена.