У Гродне прайшлі спаборніцтвы “Гарачы снег 2013”
Разынка такіх мерапрыемстваў у тым, што прыняць удзел на сваім аўтамабілі можа кожны жадаючы. Трэба толькі падаць заяўку. Сёлета гэта зрабілі ўдзельнікі не толькі з Гродна, але з Брэста, Мінска, Бабруйска.
Усяго на трасу выехала 22 каманды. Яны былі падзелены на тры катэгорыі: “Спорт”, “Хобі” і “Кросавыя аўто”.
Першая катэгорыя – самая відовішчная, бо тут спаборнічаюць сапраўдныя прафесіяналы. Ды і аўтамабілі выглядаюць дастаткова экзатычна: замест вокнаў – ахоўны каркас, высокія і зручныя сядзенні, а без спецыяльных шлемаў спартоўцы нават не выходзяць на трасу.
У катэгорыі “Хобі” ўсё прасцей. Тут прымаюць удзел самыя звычайныя джыпы. Траса менш складаная, але майстэрству кіроўцаў можна толькі пазайздросціць – яны з лёгкасцю тармозяць каля ахоўных стужачак, нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне спаборніцтваў снег ператварыўся ў суцэльную мешаніну. У ёй не адзін раз застравалі аўтамабілі, але вельмі спрытна і хутка пераадольвалі гэтую недарэчнасць.
Гледачоў, нягледзячы на мароз, сабралася дастаткова шмат. Яны, дарэчы, часцяком заміналі правядзенню спаборніцтваў, выходзячы на трасу ды не чуючы папярэджанняў арганізатараў.
Змагацца з марозам дапамагалі вайскоўцы, што разгарнулі палявую кухню. Гарбату ды булён, які хутка скончыўся, раздавалі бясплатна.
Не абыйшлося і без паломак, а дакладней аварый. Чырвоны Паджэра з Бабруйска перакуліўся на самым пачатку спаборніцтваў. Выйшла наогул містычна – экіпаж узяў нумар 13 і на першым жа коле аўтамабіль апынуўся на даху. Аднак каманда не стала адчайвацца: “Не такое праходзілі”. Ды выправілі дах нагамі.
Такія спартовыя мерапрыемствы ў нашым горадзе праходзяць ужо ў трэці раз. У гэтым годзе арганізатары – гародзенскі ДТСААФ і клуб “4х4 Grodno” – доўгі час не ведалі ці спаборніцтвы ўвогуле пройдуць. Аднак у выніку здолелі арганізаваць іх на досыць высокім узроўні.
Здымкі Яна Лялевіча