“У тумане”: ваенная псіхалагічная драма для заходняга гледача

Фільм паводле аднаіменнай аповесці Васіля Быкава паспеў стаць знакамітым, пабываўшы на шэрагу міжнародных кінафестываляў, у тым ліку ў Канах. Сюжэт – ваенны, экзістэнцыйны, трагічны. Быкаўскі. Рэжысёр злавіў лінію пісьменніка і фактычна не адступае ад яе.

 

…З засценкаў паліцыі выходзіць нядаўні чыгуначны абходчык Сушчэня (Уладзімір Свірскі). На рынкавай плошчы вісяць трое ягоных “падзельнікаў”, якія пусцілі нядаўна цягнік пад адхон. Іх павесілі – ён на свабодзе… Чаму? “Здраднік” – так лічаць усе, нават жонка, аднак ён ведае, што невінаваты.

 

Для ліквідацыі “здрадніка” партызаны высылаюць двух байцоў: Бурава (Улад Абашын) ды Войціка (Сяргей Колесаў). Аказваецца, гэта не так і проста – каб не забіваць Сушчэню ў хаце пры малым ды жонцы, Бураў (падобны да маладога Карпюка) вядзе яго ў лес. З гэтага моманту пачынаецца характэрная быкаўская гульня сумлення, даверу, літасці, фаталізму ды інстынкту самазахавання.

 

Аб’явы праз гучнагаварыцель на плошчы, немец з поўнай каскай курыных яек, паліцыя ў чорным, бабы ў хустках, лясныя дарогі, туман… – падаецца, стандартны набор любога ваеннага фільма. Дык што, уласна кажучы, адрознівае “У тумане” Лазніцы ад шэрагу іншых стужак пра Другую Сусветную, знятых за апошнія год 40?

 

Па-першае, фільм нетаропкі – гэта заўважна нават па трэйлеры. Некаторыя кадры адмыслова расцягнутыя аўтарам, вельмі даўгія дублі, амаль без мантажу, дыялогі няспешныя ды амаль безэмацыйныя – героі нібы выпісваюць кожнае слова на паперы.

 

Крычаць у фільме бадай толькі паліцаі, галосяць – бабы. Музычнага суправаджэння таксама няма, калі не лічыць шапаценне лістоты, у якім таксама можна заўважыць свой сімвалічны сэнс.

 

Сцэна з прылізаным унтэрштурмфюрэрам СД, які прапаноўвае Сушчэню супрацу цалкам магла б лічыцца “палітычнай” у сучаснай Беларусі: “Вы же положительный, надо только подписать соглашение о сотрудничестве…”

 

Непасрэдна немцы ў фільме акрамя вышэйзгаданага афіцэра не прысутнічаюць, “цёмны бок” увасабляюць сабой амаль выключна паліцаі.

 

Нягледзячы на даслоўнасць інтэрпрэтацыі Быкава, Лазніца не закранае тэму сноў, якія прыходзяць у аповесці да кожнага персанажа, але затое паглыбляецца ў мінулае – прысутнічаюць рэтраспектыўныя ўстаўкі.

 

Уражанне скрадае расейская мова. Сакавітыя быкаўскія выразы:  “Можа, і не жджэ”, “Калі задоўжуся”, “Зноў закрывяніў…” засталіся па-за кадрам. Зразумела аднак, што калі б фільм здымаўся выключна “Беларусьфільмам”, па-беларуску ў ім маглі б размаўляць выключна паліцаі ды прастытуткі… Таму, яшчэ невядома – што горш.

 

Глядзець фільм варта найперш тым, хто не чытаў арыгіналу ды не ведае канцоўкі: даслоўнасць – як плюс, так і мінус карціны. Публіцы, якая чытала, тым больш нядаўна, можа стацца сумна недзе пад занавес.

 

Ваенная псіхалагічная драма “У тумане” разлічана перш за ўсё на заходняга гледача, не разбэшчанага тэмай партызанкі часоў вайны ды пытаннямі экзістэнцыйнага выбару ў штодзённым жыцці сёння.