“Дамы эпохі” – новае вар’яцтва гарадзенцаў

Фарфоравыя лялькі, выпушчаныя італьянскай групай кампаній “De Agostini”, увасабляюць сабой гераінь рамантычнай літаратуры. Калекцыя з’явілася ў Беларусі на пачатку студзеня ў кіёсках “Белсаюздрук” і выклікала празмерны попыт. Аб гэтым сведчаць надпісы на кіёсках для надакучлівых пакупнікоў “Кукол нет” ды абмеркаванне на Гродзенскім форуме, дзе і за які кошт можна знайсці ляльку.

 

Здымак Ланы Руднік

 

Тыя, хто не паспеў набыць цацку за 49 900 рублёў у кіёску, маюць шанец знайсці яе на baraholka.onliner.by ды second.by, але тут кошты даходзяць нават да 25 даляраў.

 

У “Гроднааблсаюздруку” пацвердзілі факт небывалага, за шмат гадоў супрацоўніцтва з фірмай “De Agostini”, ажыятажу на лялькі. Гэта адзіная з 28 (!) прадаваных сёлета калекцый, якая выклікае такую рэакцыю. Хіба што толькі формы для выпечкі (калекцыя “Изысканная выпечка”) могуць параўнацца з лялькамі па запатрабаванасці.

 

Патлумачыць хуткасць, з якой знікалі лялькі з кіёскаў, меншай колькасцю вытворчасці ў параўнанні з іншымі калекцыямі, нельга. Колькасць экзэмпляраў “Дамаў”, атрыманых Гроднааблсаюздрукам, суадносная з іншымі калекцыямі. Недахоп лялек усім жадаючым выклікае абурэнне пакупнікоў: гарадзенцы тэлефануюць з патрабаваннямі і скаргамі ў Гроднааблсаюздрук ды на офіс фірмы “De Agostini” ў Мінску.

 

Першыя тры лялькі з серыі ўжо з’явіліся ў Беларусі. У Расіі паступілі ў продаж у сакавіку 2011.

 

Псіхолаг Аляксандр Ёда мяркуе, што каштоўнасць, якую мелі для нашых бабуль фарфоравыя лялькі, калі набываліся з цяжкасцю і за вялікія грошы, захавалася да сёння. На думку спадара Аляксандра, традыцыйная вартасць, перададзеная старэйшым пакаленнем, адрознівае “Дамаў эпохі” ад іншых калекцый.

 

“Калі чалавек ставіць сабе мэту, і мэта для яго вельмі значная, то ён для яе асягнення можа зрабіць шмат. Калі значныя людзі кажуць, што мэта важная, то адбываецца момант эмацыйнага заражэння”, – тлумачыць псіхолаг. Такое некрытычнае набыццё, калі чалавек кіруецца эмоцыямі, не зважаючы, ці сапраўды яму патрэбна нейкая рэч, больш уласціва падлеткам, але сустракаецца ў розным узросце.

 

Спадар Аляксандр адзначае, што калекцыянаванне гэта адзін з паспяховых і бяскрыўдных спосабаў сыходу ад рэальнасці, у адрозненні ад ужывання алкаголю, наркотыкаў, камп’ютарнай залежнасці. Актыўнае выплюхванне негатыву фрустраваных пакупнікоў на вытворцаў і прадаўцоў лялек спецыяліст тлумачыць неабходнасцю некуды выказаць сваё незадавальненне жыццём і з’яўленнем адпаведнай нагоды для гэтага. Псіхолаг называе такое захаванне нясталым і неадэкватным.

 

“Жанчыны больш падатныя на эмоцыі і захапленне. Нарэшце маркетолагі трапілі на добрую глебу, выпусціўшы тавар для жаночай аудыторыі”, – лічыць спадар Аляксандр. Гэта, па яго меркаванні, з’яўляецца яшчэ адной прычынай буму на лялькі.

 

Булгакаўская Маргарыта, Эма Бавары і Джэйн Эйр

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” паразмаўляла з прадавачкамі і пакупнікамі ды завітала на Гродзенскі форум, каб даследаваць, што адбываецца з лялькамі і людзьмі.

 

Кіёск ля чыгуначнага вакзала. І вось яна – Булгакаўская Маргарыта, трэці выпуск. Час 14.25. Тэхнічны перпынак да 14.30. Збіраецца чарга. Адчыняецца вакенца… Цягам сямі хвілін прададзеныя ўсе Маргарыты, якія заставаліся!

 

Антаніна з Салігорска (!), пакупніца сярэдняга ўзросту, расказала, што ўсе яе супрацоўніцы кінуліся збіраць гэтыя лялькі: “Чамусьці падабаецца, можа таму, што ў каробачцы запакавана, дзяўчаты расстаўляюць дома калекцыю…”. Яна падзялілася назіраннямі са свайго гораду, калі лялькі хутка “разбамбілі”, а астатнія пакупнікі пачалі крычаць ля кіёску. Адзін дзядуля даказваў: “Вы павінны, вы абавязаныя мне прадаць – мая дачка збірае…”

 

Лялькі адной з расійскіх карыстальніц форума nacekomie.ru

 

Аляксей, малады інтэлігентны пакупнік, паведаміў, што абыйшоў восем кіёскаў пакуль знайшоў ляльку для жонкі. Ён лічыць, што пераважна купляюць “Дамаў” мужчыны для сваіх жонак ці дзяўчын.

 

Маладзён распавёў аб сітуацыях, калі людзі просяць у прадавачак “адкласці” цацку. Прыхаваныя лялькі аддаюць ў непразрыстых (!) пакетах па паролі “Мне тут перадача ёсць”. “Ні ў якім выпадку нельга казаць слова “лялька”, каб іншыя пакупнікі не пачулі і не пачаўся скандал”, – папярэджвае спрактыкаваны пакупнік.

 

DANIella падзялілася на Гродзенскім форуме: “У глыбіні душы ёсць мара, што будзе ў мяне дачушка, і будзе ў яе пакоі стэлаж з лялькамі. І вечарамі я буду апавядаць ёй гісторыі пра гэтых дзяўчын”.

 

Ольга 33, фарумчанка: “Мне хочацца збіраць гераінь з раманаў Джэйн Осцін, а гэта ўсяго пяць нумароў. У якім парадку яны будуць прадавацца ў РБ – таямніца, пакрытая цемрай”.

 

majer просіць дапамогі на форуме: “ребята нужен первый номер с куклой!!!!! Плиз очень надо!!!!!!! 100 тысч с меня!!!!! Плиз помогите!!!! Ребят ну оч надо(((( скоро 8 марта а она только о первом номере и говорит!!!!!!! Еще потом за всеми остальными бегать!!!(((( добре второй выпуск урвал(((( осталось еще как минимум 5 кукол поднять пока успокоится((((”

 

Хтосьці купляе лялькі ў падарунак, хтосьці вырашыў чытаць творы, з якіх паходзяць гераіні, старэйшыя плануюць развіваць дзяцей ды ўнукаў, а хтосьці набывае для сябе, бо лялькі проста падабаюцца.

 

Прадавачкі кажуць, што сярод пакупнікоў “Дамаў эпохі” розныя людзі, яны не вылучаюцца па ўзросце ці полавай прыналежнасці.

 

Прадавачка Галіна Самсонава расказала, што за тры дні завезлі 120 лялек, і адразу раскупілі. “Яшчэ тыдні два будуць хадзіць і пытаць, ці ёсць лялькі”, – прадбачыць яна.

 

Лялькі купляюць па дзве-тры-чатыры-пяць. На памяці адной з прадавачак пакупка адразу дзевяці (!) “дамаў” – для ўсёй працоўнай брыгады.

 

Прадавачкі адчуваюць напружанне з-за вялікага попыту на лялькі, выслухоўваюць скаргі і выказваюць пажаданне большай іх вытворчасці.

 

Адна з прадавачак прызналася, што пакупнікі просяць пакінуць для іх ляльку загадзя. “Але мы намагаемся па меры паступлення прадаваць іх адразу”, – спешна дадае жанчына.

 

Кожны завоз разыходзіцца вельмі хутка, па словах прадавачак, цягам дня. Прывозяць лялькі партыямі, тры дні запар. Адзін выпуск у два тыдні.

 

У кампаніі “De Agostini” адмовіліся адказаць, чаму лялькі завозяць партыямі, а не агулам. Таксама не маглі паведаміць аб адсутнасці інфармацыі пра колькасць выпушчаных экзэмпляраў.

 

Пакуль што выйшлі тры выпускі “Дамаў”. Усяго на Беларусь плануецца завезці 30 нумароў, але ў Расіі калекцыя ўжо была падоўжана да 60.

 

Здымкі (калі не пазначана інакш) з форума пра журнальныя калекцыі nacekomie.ru і сайта aboutdolls.ru