“Дзіўны Бог у святых сваіх”

Наведвальнікаў на адкрыццё прыйшло няшмат, пераважна праваслаўнае духавенства. Таму аўтар выставы, навуковы супрацоўнік музея Ірына Ахотніцкая (на здымку зправа) уяўляла, што экскурсію яна вядзе для тых, хто прыйдзе апасля.

 

Гісторыя царквы – гэта гісторыя святасці, – распачала яна. – Слова “святы” (“аддзелены” ад граху) першапачаткова адносілася выключна да Бога. Затым гэтае найменне стала ўжывацца да ўсяго, што мае дачыненне да Бога і да Яго набліжае”.

 

Выстава мае асветніцкую мэту: паказаць, як у жыцці зямнога чалавека праслаўляецца Бог.

 

Структурна кожная вітрына змяшчае іконы, багаслужэбныя кнігі, жыцці святых, якія адлюстроўваюць адзін з подзвігаў – прарокі, апосталы, мучанікі, свяціцелі, манахі, праведныя, бяссрэбранікі, юродзівыя дзеля Хрыста. У цэнтры прадстаўлены ідэал святасці для хрысціян – Ісус Хрыстос, побач – Багародзіца.

 

Іконы большасцю ХІХ ст., ёсць пачатку ХХ ст. і ХVІІІ ст. Чатыры іконы гомельскай іканапіснай школы адрозніваюцца ад іншых па каларыстыцы і адлюстраванні абліччаў: больш яскравыя, зямныя, з арнаментам. Традыцыйна іконы не надпісваюцца “па вялікай пакоры іканапісцаў”, аднак аўтар адной з выстаўленых працаў вядомы. Гэта Канстанцін Малышаў з “Нараджэннем Божай Маці” ХІХ ст.

 

Пазнаць, які подзвіг адлюстраваны на іконе можна па асаблівых сімвалах – адзенні, каларыстыцы, атрыбутах. Так, прарокаў выяўляе хітон ці плашч, апосталаў – кніга ці світак, мучанікаў – крыж і чырвоны колер, святароў – чаша, кніга, амафор (стужка).

 

Сярод старажытных экспанатаў – кніга выдання 1796 года Кіева-Пячорскай Лаўры, стараверская рукапісная кніга ХІХ ст. “Обиход певчий” з Астравецкага раёна, дзе ноты напісаны не на лінейках, а над радкамі слоў. Зразумець такі нотапіс можна з дапамогай іншай кнігі, якую супрацоўнікі музея нядаўна знайшлі ў фондах – стараверскай “Азбукі царкоўнага сцягавага спеву”.

 

Асобная вітрына змяшчае паштоўкі з выявамі храмаў, названых у гонар святых. Многія з іх засталіся ўжо толькі на паштоўках, у тым ліку Гродзенская Аляксандра-Неўская царква.

 

У канцы экскурсіі спадарыня Ірына прыгадала эпіграф выставы словамі апостала Паўла: “Старайцеся мець мір з усімі і святасць, без якой ніхто не ўбачыць Госпада”, ды пажадала усім святасці.

 

Наведвальнікі атрымалі падарункі ў форме абразкоў, асвечаных на моцах святых у Вільні, з выявай трох віленскіх святых – Антонія, Яна і Яўстафія.

 

Здымкі Яна Лялевіча