Алесь Пашкевіч: цар Іван стаў Жахлівым з-за кахання да сястры Жыгімонта Аўгуста

На прэзентацыі пісьменнік таксама распавёў, пасля якіх падзей, на яго думку, цар Іван пачаў пераўтварацца ў Жахлівага.

 

Падзеі нашага часу – цалкам мастацкая выдумка. Падзеі гістарычнай даўніны ў кнізе, па словах аўтара, заснаваныя на дакументальных матэрыялах. У цэнтры твора – галоўныя героі-двайнікі: Іван Жахлівы і яго пра…праўнук, “умоўны тыран умоўнай краіны”, а таксама іх настаўнік і людзі-кніжнікі, якія ў кожнай эпосе ўсвядомілі, што “найбольшай сілай была і застаецца моц кнігі, асветленая Нябёсамі”. 

 

 

Падчас прэзентацыі Алесь Пашкевіч зачытаў урывак з рамана. Пісьменнік абраў момант, калі цар Іван Жахлівы даведаўся пра шлюб Кацярыны, сястры караля Жыгімонта Аўгуста, з фінлядскім герцагам. Маладая каралеўна моцна запала ў душу рускаму цару, але Жыгімонт Аўгуст вельмі стрымана сустрэў маскоўскае пасольства:

 

Па маёй версіі, якраз пасля гэтага эпізода, калі Кацярына вянчалася ў Вільні з герцагам Фінляндскім, цар Іван стаў Жахлівым. З таго моманту, калі ён зразумеў, што Кацярына ў прамым значэнні яму недаступная, а ў пераносным значэнні ён не зможа наноў заручыцца, як ён думаў, са сваёй вотчынай – Полаччынай, Смаленшчынай, а далей працягнуць руку да Кракава, з ім сталася тая бяда, якая тысячы людзей вынішчыла сваёй апрычнінай.

 

Разам з Алесем Пашкевічам на прэзентацыю прыехаў рэдактар “Дзеяслова”, старшыня Саюзубеларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Упершыню раман Пашкевіча быў надрукаваны пазалетась у “Дзеяслове”, а зусім нядаўна выйшаў асобнай кнігай. Адзначаючы захапляльнасць гістарычнага сюжэту, Барыс Пятровіч звярнуў увагу на паралельную лінію ў творы: 

 – Не менш цікавыя раздзелы і пра нашу сучаснасць. Алесь кажа, што яны цалкам выдуманыя. Але яны не зусім выдуманыя, хутчэй гэта дадуманае ці перадуманае нашае быццё. У аснове сюжэту падзеі, якія адбываюцца ці адбыліся ў Беларусі пры нашай памяці – гэта і выбары першага прэзідэнта… Але ў кнізе няма пэўнай краіны, чытач можа падумаць, што гэта адбываецца Расія, ці Чачні, ці яшчэ дзе-небудзь.

 

 Акрамя рамана, кніга ўтрымлівае шэраг эссэ аўтара розных гадоў. На прэзентацыі прагучала пытанне, ці звязаныя нейкім чынам паміж сабой эссэ і раман. Але публіцыстыка ўвайшла ў кнігу хутчэй па нашай беднасці:

 

Эссэ і раман у кнізе незалежныя і аформленыя як дзве часткі. На жаль, ніякага агульнага ключа для іх не задумвалася. Гэта прадыктавала нашае быццё: кніжкі зараз выходзяць рэдка, а за гэты час напісалася колькі эссэ, таму я вырашыў надрукаваць іх пад адной вокладкай.

 

 

Патэнцыйных чытачоў-гарадзенцаў прэзентацыя рамана Алеся Пашкевіча зацікавіла мала. На сустрэчы былі заўважаныя ў асноўным калегі – гарадзенскія паэты і пісьменнікі: Данута Бічэль, Ала Петрушкевіч, Юрка Голуб, Сяргей Астраўцоў, Анатоль Брусевіч ды інш.

 

Здымкі Янкі Лялевіча