Заяўка на правядзенне мітынгу на Дзень Волі была пададзеная ў Гродзенскі гарвыканкам яшчэ 10 сакавіка падчас круглага стала памiж дэмакратычнымi актывiстамi i ўладамi. У аўторак 21 сакавіка стала вядома, што гарвыканкам даў дазвол гродзенцам сабрацца 25 cакавiка і адзначыць свята.

Збор удзельнікаў прызначаны на 12.00 у Каложскiм парку. Дазволены мітынг пройдзе да 14.30.

[irp posts="16 413″ name="Дзмітрый Бандарчук: Дазвол на мітынг 25 сакавіка атрымалі дзякуючы кругламу сталу""]


Больш за 15 гадоў гродзенскія ўлады адмаўлялi дэмакратычным сiлам у правядзенні мітынгаў, шэсцяў і пікетаў, якiя дазваляе Канстытуцыя. Як праходзіў Дзень Волі ў 2001 годзе, глядзіце тут. Як святкавалі Дзень Волі ў розныя гады — чытайце ў даўнім артыкуле «Твайго стылю».

Сёлета 25 сакавіка грамадскасць будзе адзначаць 99-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Афіцыйна гэтае свята ў Беларусі не адзначаецца.

Даведка

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Незалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Калі перад наступленнем германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. 21 лютага 1918 года выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, рыхтавалася адкрыццё ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.