Заяўнікам масавага мерапрыемства на Дзень Волі стаў гродзенскі актывіст «Гавары праўду» Дзмітрый Бандарчук. Менавіта яго выклікалі ў аўторак 21 сакавіка ў гарвыканкам каб узгадніць правядзенне мітынгу.

Нагадаем, гарадскія ўлады ўпершыню за 15 гадоў дазволілі гродзенскім дэмакратычным актывістам правесці масавае мерапрыемства на Дзень Волі.

«Дазвол на правядзенне акцыi 25 сакавіка стаў магчымы дзякуючы кругламу сталу паміж гарадскімі ўладамі і дэмакратычнымі актывістамі, — кажа Дзмітрый Бандарук. — Менавіта за гэтым сталом актывісты і ўздымалі тэму, што ўлады не даюць дазвол на мірныя мітынгі і шэсці ўжо на працягу 10−15 гадоў. Там жа мы дасягнулі дамоўленасці, што цяпер кожная заяўка будзе разглядацца ў прысутнасці заяўніка».

Дзмітрыю Бандарчуку выдалі дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства 25 сакавіка ў Каложскім парку, каля стэлы 850-годдзя Гродна. Было ўзгоднена, што мерапрыемства павінна прайсці ў форме пікета, без якога-небудзь маршу.

«Улады пайшлі нам насустрач і я лічу, што гэта крок да таго, каб у Гродне не было затрыманняў на мерапрыемствах у такія даты, якія важныя для грамадзян Беларусі. Усе затрыманні, якія былі ў Гродне раней, яны былі з-за несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Калі 25 сакавіка пройдзе мірна і без здарэнняў, то, магчыма, у нас нармалізуецца практыка атрымання дазволаў на масавыя мерапрыемствы», — дадаў Дзмітрый.

1