Юбілейная — дзясятая — беларуская дыктоўка прайшла ў горадзе над Нёманам. Прымеркаваная яна была да 500-годдзя скарынаўскага друку.

Традыцыйную гарадзенскую дыктоўку зазвычай ладзяць блізка 25 сакавіка, але сёлета графік збіўся. Палітычная «вясна» была занадта бурлівай, шмат хто з арганізатарў ды штогадовых удзельнікаў апынуўся за кратамі па выніку пратэстных акцый. У рэшце рэштаў, дыктоўку правялі толькі цяпер.

Тэкст удзельнікам мерапрыемства зачытваў прафесар Аляксей Пяткевіч. Ён спыніўся на ўрыўку з кнігі Аляксея Каўкі «Тут мой народ», у якім ідзецца пра Францішка Скарыну.

Распавёў Пяткевіч і пра сваё бачанне місіі Скарыны:

«Гэта вялікі вучоны, доктар медыцыны, друкар, пісьменнік, мастак, энцыклапедыст, — разважаў Пяткевіч, — Ягонае імя стаіць побач з імёнамі Томаса Мора, Марціна Лютэра, Мікалая Каперніка, Эразма Ратэрдамскага і іншых велічыняў сусветнага значэння. „Спачатку было Слова“, — сказана ў Бібліі. Скарына гэта выдатна разумеў. Даць кнігу на роднай мове сваім людзям — значыць, зрабіць іх дужымі і самастойнымі».

«Скарына побач з Лютэрам, Капернікам і Морам» – у Гродне прайшла беларуская дыктоўка
Прафесар Аляксей Пяткевіч чытае дыктоўку
Прафесар Пяткевіч таксама нагадаў, што ў суседняй Масковіі друкаваная кніга на сваёй мове з’явілася толькі ў 1563 годзе, ва Украіне — у 1573. І там, і там, яе з'яўленне звязанае з непасрэдным удзелам нашых землякоў. Беларусам жа варта ганарыцца Скарынам і памятаць пра дату «1517», калі ў Празе Скарына выдаў свой «Псалтыр» па-старабеларуску.

Сімвалічна, што падчас і пасля імпрэзы кожны госць мог задарма ўзяць кніжкі беларускіх аўтараў - Дубаўца, Сіліцкага, Анціпенкі і інш. — прадстаўленыя арганізатарамі.