Пісьменнік Алесь Аркуш 23 верасня прадставіць гродзенцам раман «Сядзіба». Сустрэча пройдзе ў Цэнтры гарадскога жыцця. Напярэдадні прэзентацыі аўтар распавёў Hrodna.Life пра адметнасці новага твора, «гродзенскі след» у рамане аб Полацку, а таксама падзяліўся цытатамі для знаёмства з «Сядзібай» і яе героямі.

Гэты раман быў напісаны ў 2016 годзе і стаў чацвёртым у анталогіі аўтара. Са словаў Алеся, твор распавядае «пра містыку, каторая заўжды побач».

140 старонак містыкі і “гродзенскі след”. Алесь Аркуш прэзентуе ў Гродне новы раман (+урыўкі з твора)

Апісаныя падзеі адбываюцца на рэальна існуючай полацкай сядзібе ў Запалоцці, на месцы якой раней стаяў Бернардынскі кляштар. Паводле некаторых гісторыкаў, менавіта ў гэтым кляштары вывучаў лацінскую мову Францішак Скарына.

Пазнавальнасцю апісаных месцаў раман напэўна зацікавіць палачан. Але і «гродзенскі след» кніга таксама мае. На яе вокладцы змешчаны працы гродзенскага графіка Юрыя Якавенкі, а першую рэцэнзію на раман напісаў гродзенскі пісьменнік Сяргей Астравец. Ды і стваралася кніга зусім блізка ад Гродна — у Беластоку.

140 старонак містыкі і “гродзенскі след”. Алесь Аркуш прэзентуе ў Гродне новы раман (+урыўкі з твора)

Сёлета на пачатку лютага кніга была прадстаўлена чытачам. У электронным фармаце раман з’явіўся на платформе Kniharnia.by і адразу ўвайшоў у пяцёрку самых прадаваных кніг. У папяровым выглядзе твор з’явіўся напачатку вясны. Набыць цвёрды асобнік «Сядзібы» можна толькі ў полацкай кнігарні «Светач», або на прэзентацыі, у аўтара.

140 старонак містыкі і “гродзенскі след”. Алесь Аркуш прэзентуе ў Гродне новы раман (+урыўкі з твора)

Урыўкі з рамана:

***

Дзед прасачыўся праз мэталічны плот як туман. Ён прайшоўся пад вокнамі хаты і скіраўвася ў найбольш аддалены кут прысядзібнага пляцу.

Сьледам за ім ляцела сава.

Ніхто гэтага ня мог бачыць.

І толькі сабака, які спаў перад будкай, адкрыў вочы, узняў галаву і прыслухаўся. Недзе пад антонаўкай, у густой траве, зашамацела мыш. Вецер ледзь прыкметна варушыў лістоту на галінах. Першыя промні сонца толькі-толькі крануліся даху дома. З боку ракі цягнула вільгацьцю. Нават адсюль, ад будкі сабакі, праз дрэвы і праз высокія кветкі, было бачна, што раку ўкрывала шчыльная коўдра туману.

Менавіта ў такі туман узьдоўж берагоў Полацка праплываюць вараскія дракары. Незаўважна. І толькі ўсплёскі рыбы парушаюць цішу. Як ўсплёскі вёслаў. І туман, які зьмяняе рэальнасьць, рассоўвае яе каардынатныя восі, пашырае прастору дзейснага, блытае час і вяртае мінулае.

Дзед робіць нейкія магічныя кругі па пляцы. Постаць яго празрыстая, як з туману. І толькі на грудзях штосьці зырка адбівае промні сонца. І чым вышэй сонца, тым больш празрыстым робіцца постаць дзеда, але затое ўсё зырчэй зіхаціць у яго штосьці на грудзёх.

Сава сядае на тэлевізійную антэну і аглядае навакольле.

Сабака здымае нашыйнік, а рабіць гэта ён налаўчыўся даўно, абыходзіць хату і спыняецца каля альтанкі. І адсюль заўважае дзеда. Іх позіркі сустракаюцца. Сабака робіць ледзь прыкметныя рухі хавастом. Нібыта вітаецца з госьцем. Цішыня гучным зумэрам азываецца ў вушах. Здаецца, можна пачуць, як цячэ рачная плынь. Дзед адварочваецца і ўглядаецца ў туман. Нібыта сабака яго больш не цікавіць. Затым, не спыняючы ўзірацца, падае рукой знак чатырохногаму гаспадару — паманіў яго. Той паслухмяна сьцярожка робіць крокі насустрач. Падыходзіць да дзеда і становіцца побач зь ім праваруч. Дзед кладзе яму руку на голаў. Сабака заплюшчае вочы і стаіць незварушна.

Так яны стаць абодва, застыла і ціха, хвілін дзесяць.

***

З дапамогаю паромнай пераправы Іван апынуўся ў Запалоцьці. Махіроўскай вуліцай ён пакрочыў у цэнтар пасаду, дзе, сярод драўляных дамкоў, стаяў цагляны будынак сірочага дому. Празь пяць хвілін ён ужо бачыў вакно пакоя, у якім некалі жыў сам.

Зьвяртаць на сябе ўвагу мясцовых жыхароў было не ў ягоных інтарэсах. Таму Іван папросту прыцішыў хаду і пачаў пільна аглядаць двор прытулку. Там, дзе на мапе быў намаляваны крыжык і літара «К», ляжаў вялізны валун, напалову схаваны ў зямлю.

Літара «К» магла азначаць і «камень». Але навошта было бацьку пазначаць валун? Іх у Запалоцьці шмат. Тады чаму на мапе пазначаны толькі гэты? «Ці не закапаў ён пад ім кубак?» Гэтая думка пачала зумкаць ў галаве як заляцелы ў пакой авадзень, шукаючы выйсьця на волю.

***

— Ты ніколі ня думаў, што ў большасьці нашых птушак два дамы — летні і зімовы, — сказаў Кастан Навадворскі, седзячы на маёй альтанцы і пацягваючы піва. — Вось гэты шпак, акрамя тваёй шпакоўні, зімой недзе яшчэ жыве. І ў гэтым далёкім краі ён жыве палову свайго жыцьця. Але радзіма ў яго адна — вось гэтая шпакоўня. Уяўляеш!

-Ну ты адкрыў Амэрыку! Пра гэта яшчэ Францыск Скарына напісаў. Памятаеш? «Як ад нараджэньня зьвяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вульлі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць», — прамовіў я, цытуючы Скарыну па памяці.

Піва я ня піў, бо меў харчовую алергію на дражджавыя напоі. Таму падтрымліваў сябра чырвоным віном.

-Ну, скажу табе, Скарына саўпраўды аўтарытэт, — пагадзіўся з маёй заўвагай сябар. — Магутны чалавек, волат духу і ведаў. Дарэчы, недзе тут ён хадзіў, па гэтых берагох. Тут быў ягоны дом і радзіма.

-Скажу больш, ня проста хадзіў, а сядзеў за партай і вучыў латынь. Якраз амаль на тым месцы, дзе мы зараз сядзім з табой. — Нядаўна архэолягі правялі раскопкі на суседняй сядзібе і знайшлі рэшткі драўлянага бэрнардынскага кляштару, які першапачаткова, за часамі Скарыны, быў тут пабудаваны.