Пяты штогадовы фестываль сыру прайшоў у Гродне 23 верасня — на Дзень горада. На юбілейным мерапрыемстве сабралiся вядучыя прадстаўнікі малочнай прадукцыі Беларусі. Свята мела назву «Тэорыя вялікага сыру».

На фірмовых стэндах вытворцаў можна было паспрабаваць навінкі малочнай прадукцыі і купіць іх.

«Кожны год у нас розная тэма фестывалю і мы ніколі не паўтараемся. Гэта падабаецца гараджанам. Мы заўсёды стараемся выстаўляць новыя віды сыроў на дэгустацыю. Прадукцыю, якая на фестывалі карыстаецца найбольшай папулярнасцю, мы пасля пускаем на вытворчасць», — распавяла кіраўнік гродзенскага прадпрыемства «Молочный мир» Марына Анікеева.

Напярэдадні фестывалю на гродзенскім прадпрыемстве прайшла дэгустацыя сыроў беларускіх вытворцаў. Эксперты ацанілі 63 віды сыроў ад 27 заводаў Беларусi. Пераможцаў абвясцілі ў дзень фестывалю з галоўнай сцэны.