Ужо пяты год запар у Гродне праходзіць фестываль моды Grodno Fashion Show, які збірае цікавыя калекцыі з Беларусі, а апошнім часам і з суседніх краін. У гэтым годзе ў актавай зале Каледжа мастацтваў паказалі каля 40 дызайнерскіх работ на сезон восень-зіма 2017.

Усяго на подыўме выступіла амаль 200 мадэляў, якія дэманстравалі калекцыі ў дзённым і вячэрнім паказах. На фэстывалi прадставілі шмат дызайнерскіх дзіцячых калекцый. Некаторыя дызайнеры прыехалі нават са сваімі мадэлямі.

«Гэтым разам у нас менш брэндавых работ, але больш аўтарскіх, — кажа галоўны арганізатар Grodno Fashion Show Ігар Ляговiч. — Дызайнеры са сваімі калекцыямі да нас прыехалі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Польшчы ды Расіі. Мы працягваем пашыраць геаграфію. Ужо цяпер дызайнеры пачынаюць заяўляцца на Grodno Fashion Show вясна-лета 2018. Там будзе прадстаўлена шмат прамысловых калекцый».

На вясновы паказ, які запланаваны на пачатак сакавіка, усё яшчэ могуць заяўляцца і маладыя гродзенскія дызайнеры.