Акруговы суд пакінуў меру стрымання для беларуса, якога затрымлівалі за стральбу ў штаб-кватэры медыякампаніі Thomson Reuters у польскай Гдыні, без зменаў. Малады чалавек па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе, піша «Тут.бай» са спасылкай на Radio Gdansk.

Такім чынам, суд адхіліў скаргу пракуратуры на тое, што хлопца не затрымліваюць. Таксама ў сваім камэнтары суддзя заўважае, што падстаў для арышту няма, так як ініцыятарам інцыдэнту стаў пацярпелы, які ўзяў зброю без дазволу і не аддаваў.

[irp posts="40 226″ name="Затрыманне гродзенца ў Гдыні: каментарыі паліцыі і маці затрыманага"]

[irp posts="41 487″ name="Гродзенец Сцяпан Свідзерскі распавёў, чаму страляў у офісе Reuters у Гдыні"]

Нагадаем, раней польскі спартыўна-стралковы клуб Ardea на сваёй старонцы ў Facebook распаўсюдзіў заяву, у якой беларус Сцяпан Свідзерскі распавёў, што займаецца спартыўнай стральбой ужо некалькі гадоў і пасля таго, як атрымаў дазвол на зброю, вяртаўся з ёй пасля трэніровак на працу. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся ў час, калі зброю, якая ляжала ў футарале, узяў у рукі іншы чалавек. Па словах Сцяпана, па законе ён павінен сачыць за зброяй і ў выпадку страты вымушаны быў бы адказваць.

«На жаль, мае паўторныя заклікі пакінуць зброю і славесныя папярэджанні былі неэфектыўныя», — пісаў ён.

Сцяпан адзначаў, што чалавек са зброяй аддаляўся і апынуўся блізка да дзвярэй у калідор, такім чынам узнікла небяспека, што ён знікне з поля зроку.

Ён тлумачыць свае паводзіны і прынятыя дзеянні тым, што ахоўваў зброю і павінен быў гэта рабіць па законе. Пры гэтым падкрэслівае, што стрэліў з-за эскалацыі сітуацыі і спецыяльна страляў такім чынам, каб нікога не закрануць нават выпадкова. Пры гэтым кажа, што не збіраўся камусьці нашкодзіць: «Я ні на каго не нападаў, не пагражаў, з самага пачатку інцыдэнта і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб вырашыць сітуацыю».

Нагадаем, маладога чалавека абвінавачваюць у замаху на забойства. Артыкул прадугледжвае санкцыі ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі альбо пажыццёвае зняволенне. Сцяпан Свідзерскі лічыць сябе невінаватым у тым, што адбылося.

Інцыдэнт са стральбой адбыўся 14 лістапада, у 19.00 па польскім часе (у 21.00 — па беларускім) у офісе інфармацыйнага агенцтва Thomson Reuters. Ураджэнца Сцяпана Свідзерскага затрымалі. Хлопец жыве ў прыгарадзе Гдыні, больш за шэсць гадоў працуе ў кампаніі аналітыкам. Сябры характарызуюць яго станоўча.