Фрагменты фрэскі, якую знайшлі ў месцы, дзе ў 16 стагоддзі мог маліцца кароль, знялі са сцяны і адправілі ў Мінск. Яе аднаўленнем зоймуцца спецыялісты «Белрэстаўрацыі».

Частку фрэскі адкрылі яшчэ ў 2014 годзе падчас разборачных работ над адным з праёмаў у былой каралеўскай капліцы ў Старым замку. Другую частку будаўнiкi выявілі праз тры гады.

[irp posts="38 330″ name="Знойдзеную падчас рэканструкцыі Старога замка фрэску могуць захаваць"]

У канцы 2017 года часткі фрэскі акуратна знялі рэстаўратары, каб вывучыць і аднавіць. Рэстаўрацыя роспісаў можа дапамагчы ў будучыні ўзнавіць інтэр'еры капліцы.

«Што сабой прадстаўляе фрэска нам пакуль цяжка сказаць, бо мы яшчэ не прыступалі да сур’ёзнай працы, — распавядае мастак-рэстаўратар Аляксей Ліпскі. — Па здагадках іншых спецыялістаў, якія займаліся мурам і тынкоўкай каля роспісу, гэта прыблізна 16 стагоддзе. Мне здаецца, гэта нешта зводу дзвярнога праёму».

Вернецца на месца або трапіць у экспазіцыю

Роспіс пасля рэстаўрацыі можа быць замантаваны ў тым жа месцы, дзе быў арыгінальна, а можа заняць месца ў экспазіцыі.

«Нашы хімікі канкрэтнага аналізу яшчэ не зрабілі і роспісы для нас пакуль загадка. Фрэска клеевая, там ёсць кветкі і нейкі арнамент, колер вельмі яскравы, але ўсё ў кепскім стане», — дадаў Аляксей Ліпскі.