Прэзентацыя воднага таксі ў Гродне прайшла ў суботу 26 мая. Першых пасажыраў уласнікі пантонных кацераў бясплатна пракацілі па Нёмане. У будучыні прыватнікі гатовыя не толькі катаць гродзенцаў i гасцей горада па рацэ, але і праводзіць экскурсіі.

У дзень прэзентацыі на Нёман выйшлі два кацеры, якія месцяць да 10 чалавек. Іх сярэдняя хуткасць на рацэ — 15−20 км/г. Гэта добрая хуткасць для прагулкі па Нёмане.

«Ідэю з водным таксі мы падгледзелі ў суседніх Друскеніках. Там гэта карыстаецца вялікім попытам, — распавядае адзін з уладальнікаў кацераў Кірыл Лаўроў. — Кацэры мы купілі ў Расіі. Цана аднаго — як добрай іншамаркі».

Прагулка па Нёмане доўжыцца ў сярэднім 30−40 хвілін. Пакуль асноўны маршрут праходзіць ад прычала ў цэнтры Гродна да Новага і Румлёўскага мостаў. Білет каштуе каля 10 рублёў. Дзеці да 6 гадоў праходзяць бясплатна. Месцам стаянкі кацераў будзе прычал каля былога піўзавода.

Не толькі рачное таксі, але і экскурсіі: для прагулак па Нёмане запусцілі кацеры
Новы гарадскі прычал каля былога піўзавода. У міжваенны час у гэтым месцы ўжо быў прычал для маламерных судоў

Вяртанне турыстычных традыцый

Першую пробную экскурсію па Нёмане праводзіў гісторык Алесь Хацько.

«У Друскеніках ужо шмат гадоў плавае шмат маламерных лодак. Гэта вельмі папулярна там, асабліва ў турыстаў. А чым Гродна горш? У нас багатая гісторыя судаходства на Нёмане. Для нашага горада такая прагулка па рацэ гэта вяртанне турыстычных традыцый. На фоне бязвізавага рэжыму гэта павінна карыстацца попытам. Ды і не ўсе гараджане ведаюць гісторыю, таму хочацца верыць, што водныя экскурсіі стануць папулярнымі».