У Гродне можа з’явіцца першы ў Беларусі музей рэтратэхнікі пад адкрытым небам. Зараз калекцыянер Сяргей Мукасей шукае пастаяннае месца і спонсараў для вялікай калекцыі рэтрааўтамабіляў і матацыклаў культурна-гістарычнага клуба «Вінтаж».

«Забыты савецкі аўтапрам ў краінах Захаду не знайсці»

Сёння ў Гродне ніводнае значнае свята ці падзея не абыходзяцца без удзелу тэхнікі аўтарэтраклуба. Яна адчыняла фестывалі нацыянальных культур, абноўленыя магістральныя вуліцы, удзельнічаў у штогадовых мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі ды ў іншых імпрэзах. За тры гады існавання ў клуба назапасілася вялікая колькасць тэхнікі, якая ў будучыні можа скласці аснову першага ў Беларусі музея рэтратэхнікі.

«У нашага клуба вялікі парк, — распавядае Сяргей Мукасей. — І хацелася б выставіць усё разам, каб людзі маглі бачыць тэхніку ў зручны час, а не толькі на святах. Горад у нас каля мяжы і турысты сюды едуць пастаянна. Ім таксама патрэбен унікальны музей, а мы яго можам зрабіць. Пакуль нідзе ў Беларусі няма такога музея. Уся тэхніка для гэтага ёсць, галоўнае знайсці пастаяннае месца і сабраць з гаражоў і прыватных падворкаў наш багаты арсенал. Замежнаму турысту менавіта такі музей і патрэбен. Замкі і касцёлы ён можа ўбачыць у сваёй краіне, а вось забыты савецкі аўтапрам ў краінах Захаду не знайсці».

"Замежнаму турысту гэта і патрэбна". У Гродне прапануюць зрабіць першы ў Беларусі музей рэтратэхнікі
Сяргей Мукасей — кіраўнік аўтарэтраклуба «Вінтаж»

Знойдуць і матацыкл «Нёман»

Ідэя адкрыць у Гродне музей рэтратэхнікі ў Сяргея Мукасея з’явілася яшчэ ў 1990-х гадах, калі ў яго быў першы рэтрааўтамабіль. А калі адкрыўся «Вінтаж», то гэтая думка стала наведваць калекцыянера яшчэ часцей.

«Рэтратэхніка ёсць не толькі ў мяне і ў клуба, але і ў многіх гараджан. Людзі, калі даведаюцца, што ў Гродне адкрыецца музей, то будуць прапаноўваць і сваю тэхніку. Я нават упэўнены, што знойдзецца і наш легендарны даваенны матацыкл „Нёман“, якога ў Гродне ўжо даўно не бачылі. У цэлым нам будзе што паказаць».

"Замежнаму турысту гэта і патрэбна". У Гродне прапануюць зрабіць першы ў Беларусі музей рэтратэхнікі
Сяргей Мукасей паказвае стары Запарожац

Трэба пастаяннае месца і трохі навеса

Каб адкрыць музей, Сяргей на працягу некалькіх месяцаў разам са сваімі калегамі звяртаўся па дапамогу ў адміністрацыю многіх буйных прадпрыемстваў горада. Ідэя ўсім падабалася, але вось дзейнічаць ніхто не спяшаўся.

«Так, ідэя іх ўражвае, але акрамя цікавасці ніхто нічога не можа прапанаваць. Усе чакаюць нейкую адмашку ад гарадскіх начальнікаў. Зараз я буду спрабаваць шукаць падтрымку ў прыватнікаў, можа хто з іх зацікавіцца. Было б добра, калі б нам выдзелілі месца і навес ад дажджу і сонца для мотатэхнікі і кабрыялетаў. Гэта ўсё, што мы пакуль просім».

Сёння частка тэхнікі стаіць у памяшканні цэнтра культуры Кастрычніцкага раёна, а таксама ў дварах сябраў клуба. Для музея пакуль могуць прапанаваць 12 рэтрааўтамабіляў і 7 матацыклаў.

Сяргей Мукасей адзначае, што калі ў гэтым годзе ён не прасунецца з ідэяй музея, то ў наступным будзе планаваць завязваць з калекцыянаваннем рэтратэхнікі.