Гродзенскія «Варвары» на сваёй пляцоўцы ў нязелю 18 чэрвеня правялі апошні матч рэгулярнага чэмпіянату Беларусі і саступілі з буйным лiкам мінскім «Літвінам». Матч у Гродне быў апошнім у чэмпіянаце, далей каманд чакае плэй-оф.

Вынік у Гродне быў чаканым, бо ў госці да «Варвараў» прыехала самая моцная каманда чэмпіянату.

«Варвары» — «Літвіны» — 0:49

«Узровень каманд адлюстроўвае лiк. Нічога тут не скажаш, — кажа галоўны трэнер „Варвараў“ Аляксей Серабракоў. — Нам у сваю чаргу трэба трэніравацца і імкнуцца паказваць той узровень, які паказваюць „Літвіны“. На матч у Гродне некаторых гульцоў мы не выстаўлялі, бо ён практычна нічога ўжо не вырашаў і перамога мінчан была чаканая. Таму далі магчымасць паспрабаваць свае сілы пачаткоўцам. Далей нас чакае плэй-оф».

У «Варвараў» паўфінал пройдзе ў Мінску з «Літвінамі» 30 чэрвеня. А фінал і матч за трэцяе месца ў чэмпіянаце пройдуць у Гродне на асноўным полі ЦСК «Нёман» 22 ліпеня.

Верагодней за ўсё «Варвары» будуць змагацца за трэцяе месца з віцебскімі «Рысями». А «Літвіны» і «Ураганы» будуць бiцца за Кубак краіны. Але не будзем забягаць наперад.