У 2004−2017 гадах непрацуючы 52-гадовы мужчына падманам завалодваў грашыма і нерухомасцю грамадзян і арганізацый Гродна і Гродзенскага раёна. Так ён займеў больш чым 877 тыс. рублёў, а гэта лічыцца асабліва буйным памерам.

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала справу ў абласны суд, дзе яго абвінавачваюць у шэрагу незаконных дзеянняў: незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, махлярстве ў асабліва буйным памеры, прычыненні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу і выкарыстанні заведама падробленых дакументаў.

— Абвінавачаны шукаў у горадзе і раёне будынкі, кватэры, незавершаныя будаўніцтвам закансерваваныя будынкі, зямельныя ўчасткі і набываў іх. Усе здзелкі заключаліся ад імя іншых асоб. Пасля правядзення розных рамонтна-будаўнічых работ набытыя альбо збудаваныя на зямельных участках аб’екты прадаваліся. Даход ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці перавысіў 1 375 000 рублёў, — кажа Пракуратура Гродзенскай вобласці.

Мужчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 233, ч. 4 арт. 209, ч. 2 арт. 216 і ч. 1 арт. 380 Крымінальнага кодэкса. Зараз ён знаходзіцца пад вартай.