На вуліцы Асфальтнай, што ў былой вёцы Лапенкі, асфальт хутка застанецца толькі ў назве вуліцы. Пакрыццё кепскае, хуткасць абмежавана да 50 км/г, для пешаходаў няма ходнікаў. У канцы верасня сюды прыехалі дарожнікі. Побач з ямамі і выбоінамі на астатках асфальту яны ўсталявалі ляжачых паліцэйскіх.

У 20-х чыслах верасня на Асфальтнай з’явілася дарожная тэхніка і рабочыя. Абнадзееныя жыхары спадзяваліся, што дарогу адрамантуюць. Аднак хутка высветлілася, што дарожнікі маюць іншую мэту.

Замест рамонту – ляжачыя паліцэйскія. На ўскраіне Гродна на разбітай дарозе ўсталявалі штучныя няроўнасці

«Замест таго, каб зрабіць нармальную дарогу, яны кладуць паліцэйскіх», — абураюцца мясцовыя жыхары. Яны не разумеюць, навошта паліцэйскія на разбітай дарозе, дзе і так не пагазуеш.

Атрымаць каментарый наконт новых штучных няроўнасцяў у ДАІ не артымалася. Датэлефанавацца да кампетэнтнага ў гэтых пытаннях начальніка па арганізацыі дарожнага руху не ўдалося цягам двух дзён.

Праблемы вуліцы Асфальтнай

Рух на Асфальтнай дастаткова інтэнсіўны. Акрамя легкавікоў, на дарозе шмат фур, якія ў аб’ёзд горада накіроўваюцца да беларуска-літоўскай мяжы.

Замест рамонту – ляжачыя паліцэйскія. На ўскраіне Гродна на разбітай дарозе ўсталявалі штучныя няроўнасці

Дарога выглядае далёкай ад ідэалу: паўсюль ямы, бугры, расколіны і выбоіны. Праз гэта пасля першых восеньскіх дажджоў вуліца «Асфальтная» робіцца падобнай да «Азёрнай».

Адсутнасць тратуару — асобная праблема для пешаходаў. Людзям даводзіцца хадзіць па дарозе ці ўзбочыне, а пасля дажду шпацыр па Асфальтнай можа пераўтварыцца ў гразевы душ.

Некалькі гадоў таму па Асфальтнай пракладвалі камунікацыі: паднялі асфальт, а пасля паклалі новы. Праўда, ён хутка «прасеў», зрабіўшы дарогу яшчэ горшай.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]