З 21 верасня па 6 кастрычніка цалкам закрыюць рух на ўчастку дарогі з Гродна ў бок Каробчыцаў. Абмежаванні ўвядуць з-за капітальнага рамонту ўчастка трасы М-6/П5 «Пад’езд да г. Гродна», які з’яўляецца працягам вуліцы Суворава. Кіроўцам давядзецца ехаць у аб’езд.
UPD 2 кастрычніка: рух на дарозе з Гродна ў бок Каробчыц адкрыюць 3 кастрычніка з 16:00 — раней за запланаваны тэрмін.
На ўчастку ўклалі верхнія слаі асфальту, нанеслі папярэднюю разметку, добраўпарадкавалі абочыны і адхоны, правялі работы па добраўпарадкаванні, паведамляе «Гродно Плюс».
Рамонт яшчэ працягваецца, таму на дарозе будзе дзейнічаць часовая схема руху і абмежаванне хуткасці. Цалкам завяршыць работы плануюць у канцы кастрычніка — пачатку лістапада.
UPD 17 верасня: у дзяржпрадпрыемстве “Аператар пасажырскіх перавозак” патлумачылі, як на час рамонту паедзе грамадскі транспарт.
Без змяненняў транспарт будзе ехаць да Савецкіх Пагранічнікаў, далей — па вуліцы Тарусіцкай да вёскі Каробчыцы, а потым зноў па старым маршруце.
У зваротным напрамку таксама ад вёскі Каробчыцы па змененым маршруце, вуліцы Тарусіцкай, па вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў і далей па сваім маршруце следавання.
Які ўчастак закрыюць
Рух перакрыюць на ўчастку дарогі М-6/П5 з 10,840-га па 12,286-ы км. Абмежаванні будуць дзейнічаць з 21 верасня па 6 кастрычніка 2026 года.
Рамантуюць участак працягласцю каля 1,4 км. На дарозе з’явіліся прасадкі, каляіна і разбурэнні пакрыцця. Акрамя таго, рамонту патрабуюць два размешчаныя тут масты, паведамляе Telegram-канал «Пул 4 Рэгіён».
Што зробяць падчас рамонту
Дарожнікі ўмацуюць дарожнае пакрыццё і прывядуць параметры дарогі ў адпаведнасць з дзейнымі нарматывамі. Адзін з двух мастоў ліквідуюць, другі перабудуюць у водапрапускную трубу.
Таксама на ўчастку абсталююць пешаходную і веласіпедную дарожку з асвятленнем і пешаходнымі пераходамі.
Цалкам перакрыць дарогу вырашылі з-за тэхналогіі рамонту: асфальт будуць укладваць адразу на ўсю шырыню праезнай часткі. Таксама спатрэбіцца час, каб пакрыццё астыла, а бетонныя канструкцыі набралі трываласць.
Як аб’ехаць закрыты ўчастак
На час рамонту аб’езд арганізуюць па вуліцах Тарусіцкай, Гарадзенскай, Галовічы, Савецкіх Пагранічнікаў і Саломавай.
Кіроўцаў просяць улічваць абмежаванні і загадзя выбіраць іншы маршрут.

Улетку з-за рамонту ўжо былі заторы
Капітальны рамонт дарогі паміж Гроднам і Каробчыцамі пачаўся яшчэ ўлетку. У ліпені на ўчастку ўвялі рэверсіўны рух: транспарт па чарзе прапускалі па адной паласе з дапамогай часовых святлафораў.
З-за гэтага на дарозе ў бок Каробчыцаў і Юбілейнага возера ўтвараліся заторы. У сярэдзіне ліпеня праезд рамонтуемага ўчастка займаў 15–20 хвілін.
Гродзенцы скардзіліся на заторы і іранізавалі з таго, што рамонт пачалі ўлетку, калі многія ездзяць на Юбілейнае возера і на дачы. Тады ў «Гроднааўтадары» абяцалі не праводзіць дарожныя работы ў гадзіны пік, каб паменшыць заторы.



