Увечары 6 лістапада гродзенцаў чакае знаёмства з прэм’ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі Раманам Скірмунтам. Кнігу пра яго прадставіць у Цэнтры гарадскога жыцця гісторык Алесь Смалянчук. Ён збіраў матэрыялы пра Скірмунта каля 20 гадоў. Вынікі даследвання занялі 700 старонак. Чым зацікавіў аўтара Раман Скірмунт і чаму яго варта вярнуць у памяць беларусаў, Алесь Смалянчук распавёў для Hrodna.life.

Польскі пан — і раптам беларус!

"Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню". Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта
Раман Скірмунт, здымак 1906
Раман Скірмут быў сярод тых, хто свядома называў сябе беларусамі. У 1906 годзе ў інтэрв'ю «Дзенніку Кіёўскаму» — польскай газеце радыкальнай нацыянальнай накіраванасці - на пытанне, хто ён па нацыянальнасці, адказаў: «Я беларус». Гэта выклікала каласальнае абурэнне польскай грамадскасці - беларус знайшоўся! Польскі пан — і раптам беларус!

«Раман Скірмунт — гэта асоба, якая не ўпісваецца ні ў савецкі, ні ў нацыянальны наратыў беларускага Адраджэння і гісторыі БНР. Пры гэтым яго дзейнасць была часткай беларускага руху. Мяне зацікавіла, як землеўласнік і прадпрымальнік, адзін з ідэолагаў „краёвай ідэі“, што сфарміравалася ў асяродзі супольнасці палякаў Беларуска-Літоўскага краю, далучыўся да сацыяльна (сацыялістычна) арыентаванага беларускага руху. Біяграфія Скірмунта падштурхоўвае да істотнага перасэнсавання гісторыі беларускага Адраджэння і не толькі яго», — тлумачыць гісторык.

«Наш Скірмунт»

Па словах Алеся Смаленчука, падчас экспедыцый па вуснай гісторыі на радзіму Скірмунта, у вёску Парэчча на Піншчыне, нарадзілася асабістая сімпатыя да гэтага чалавека. Ва ўспамінах вяскоўцаў ён паўстаў тым, хто ўсё жыццё апекаваўся парэчанамі, дапамагаў вёсцы. «І сёння старэйшыя жыхары Парэчча кажуць пра яго: «Наш Скірмунт».

"Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню". Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта
Будынак старой вінакурні з маёнтка Парэчча
«Забойства Рамана Скірмунта ў кастрычніку 1939 года, якое раней прадстаўлялася як вынік нейкага стыхійнага бунта беларускіх сялян супраць памешчыка, насамрэч, было арганізавана савецкімі камісарамі, якія актыўна распальвалі сацыяльны канфлікт і штурхалі мясцовых прыхільнікаў новай улады на злачынствы. Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню», — разважае гісторык.
"Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню". Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта
Табліца на ўваходзе ў парэцкі парк

Канфлікты паміж сваіх і ўплыў чужынцаў

"Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню". Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта
Крыж на магіле ў Парэччы
Меркаваннем Алеся Смаленчука, даследванне гісторыі Скірмунта дае падставы для пэўных высноваў пра падзеі 100-гадовай даўніны. Напрыклад, што «Беларуская ідэя напачатку ХХ ст. аказалася прывабнай не толькі для ніжэйшых сацыяльных слаёў. Удзел Скірмунтаў і Радзівілаў у беларускім руху, ягоная падтрымку з боку часткі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, сведчыць пра нерэалізаваныя магчымасці тагачаснага беларускага Адраджэння».

Таксама гісторык разважае аб прычынах паразы Скірмунта і яго паплечнікаў: «На лёс БНР істотна паўплывалі канфлікты ў беларускім руху, барацьба паміж „сацыялістамі“ і „нацыяналістамі“, „рэвалюцыянерамі“ і „кансерватарамі“, якую распальвалі чужынцы. Так, напрыклад, няўдача ўрада БНР на чале з Раманам Скірмунтам (ліпень 1918) была абумоўлена нежаданнем Нямеччыны мець моцны беларускі ўрад. Сацыялісты, якія ваявалі супраць урада Скірмунта, фактычна атрымалі падтрымку акупацыйных уладаў. Гісторыя БНР з удзелам Рамана Скірмунта — гэта гісторыя змагання за адзінства беларускага руху. На жаль, няўдалая…»

Магчыма, прыязджаў у Гродна

«Я не знайшоў нейкіх адмысловых сувязяў Рамана Скірмунта з Гародняй, — кажа Алесь Смалянчук, — Магчыма, ён наведваў горад на пачатку 1919 г., калі сюды перабраўся ўрад БНР, але доказаў не маю. Дарэчы, Скірмунты былі блізкімі сваякамі Элізы Ажэшкі. Спадзяюся, што гарадзенцаў цікавяць не толькі старонкі гісторыі ўласнага горада, але і ўсёй „вялікай Айчыны“».

Даведацца больш пра асобу Рамана Скірмунта і яго ролю ў беларускай гісторыі можна на прэзентацыі кнігі «Раман Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна Краю».

"Беларусы нібыта стралялі ва ўласную будучыню". Чаму варта вярнуць у гісторыю Рамана Скірмунта

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]