У Гродне падвялі вынікі двух гадоў безвиза. За два гады ў зоне Аўгустоўскага канала пабывала каля 140 тысяч бязвізавых турыстаў, якія пакінулі тут больш за 25 мільёнаў даляраў. Сярэдняя працягласць знаходжання — 2,5 дня, сярэдні чэк — каля ста даляраў. Але ёсць праблемныя моманты, якія замінаюць рухацца наперад, піша «Рэспубліка».

Гродна — горад-першаадкрывальнік па частцы прыцягнення замежных турыстаў. Але ў планах — ўнясенне змяненняў ва Указ № 462, якія мяркуюць два варыянты развіцця падзей. Альбо аб’яднаць дзве бязвізавыя зоны Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, альбо пашырыць плошчу прасторы «візафры» Гродзеншчыны яшчэ на некалькі раёнаў.

У сферы турызму створана амаль 600 працоўных месцаў. Адкрываюцца новыя гатэлі і хостэлы. За два гады ў Гродне з’явілася больш за 30 аб’ектаў грамадскага харчавання. Ужо ў гэтым месяцы адкрыецца яшчэ адно кафэ ў цэнтры горада, а на пачатку наступнага запрацуе бар на Тэлеграфнай. Варта палепшыць якасць абслугоўвання і дадаць некалькі моваў у меню.

Высветлілася, што ў выходныя дні ў Гродне складана памяняць грошы, мала сертыфікаваных экскурсаводаў, ёсць праблемы з якасцю дарог і транспарту, узроўнем сэрвісу і забеспячэннем вольнага часу. Праблемы ўжо агучвалі ў самым пачатку працы з бязвізавымі турыстамі. Цяпер, да прыкладу, прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні «карты госця», якому дадуць зніжку пры неаднаразовым наведванні гасцініцы, кафэ і іншых аб’ектаў сферы паслуг.

Турфірмы ўсё яшчэ заклапочаныя чэргамі на мяжы. Шматгадзіннае чаканне адпуджвае жадаючых паглядзець на славутасці горада і Аўгустоўскі канал. Бязвізавыя турысты не маюць пераваг перад тымі, хто перасякае мяжу з візай у пашпарце. Тэма гэтая таксама неаднаразова ўзнімалася. Магчыма, спіс прывілеяваных падарожнікаў будзе перагледжаны. Асабліва калі бязвізавыя патокі пусцяць праз усе аўтадарожныя міжнародныя пункты пропуску, а для турыстычных аўтобусаў выдзеляць асобную «каляіну». Гэтая магчымасць цяпер актыўна прапрацоўваецца.