З 9 студзеня ў Музеі гісторыі рэлігіі адкрыецца выстава «Малюнкі з вуліцы Басняцкай». Яе прадставяць нашчадкі карэннай гродзенскай сям'і Касцюк. Праз войны і разруху яны здолелі захаваць багаты фотаархіў і каштоўныя рэчы, а цяпер гатовыя паказаць іх гродзенцам.

На выставе будзе прадстаўлена 50 фотаздымкаў і 50 рэчаў з жыцця Гродна і гродзенцаў у пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя.

«Гэтая выстава будзе цікавая гродзенцам, на ёй мы пакажам не толькі фатаграфіі, якія ўдалося захаваць, але і рарытэтныя рэчы з нашай сям'і, — распавядае Таццяна Чарнышова. — Гэтыя здымкі і рэчы нідзе ўжо не ўбачыш — яны сапраўды ўнікальныя і са сваёй гісторыяй».

Таццяна жыве ў Брэсце, але не забывае пра свае гродзенскія карані. На працягу некалькіх гадоў жанчына запісвала ўспаміны сваёй маці Чарнышовай Веры Фёдараўны, якая дагэтуль жыве ў Гродне. Чарнышовы рыхтуюць да выхаду кнігу з гісторыяй сваёй сям'і.

Адну гісторыю з дзяцінства Веры Фёдараўны мы ўжо публікавалі. А некалькі гадоў таму пажылая жанчына запісала і намалявала ўсё, што памятае пра Тэлеграфную вуліцу, ранейшую Басняцкую, дзе жыла спачатку ў доме № 2, пазней — у доме № 18. На рагу Тэлеграфнай і Ажэшкі, дзе цяпер скверык, да 1941 г. стаялі чатыры дамы, у тым ліку і маленькі рэстаранчык «Зацішша». Дзве бомбы знішчылі і дамы, і людзей. Выжылыя перасяліліся хто куды. У доме цудам ацалела скрыня з фотаздымкамі, малюнкі, дакументы. Многія з іх унікальныя і ніколі не публікаваліся.