На другім паверсе гродзенскай крамы рамесных вырабаў і падарункаў «Лёля» праходзіць выстава старых калядных і навагодніх паштовак і анёлаў з розных матэрыялаў. Паштоўкі для выставы прапанавала гродзенская калекцыянерка Ларыса Ліс.

«Ідэя была сабраць выставу анёлкаў, вырабленых рознымі майстрамі. Тэма анёлаў блізкая многім мастакам, і заўсёды кранае нашыя сэрцы, асабліва ў калядны час», — каментуе Дар’я Фядотава, гаспадыня крамы «Лёля».


«Бо люблю». Навошта сямʼя гарадзенцаў трымае непрыбытковую краму беларускага хэндмэйду


На выставе — анёлкі ад розных гродзенскіх майстроў і мастакоў з іншых гарадоў Беларусі. Ёсць саламяныя, драўляныя і нават анёлкі-пернічкі, міні-анёлачкі. У куце стаіць святочная ялінка, завешаная навагоднімі цацкамі ручной работы.

Але сустракае наведнікаў выставы стэнд са старымі навагоднімі і каляднымі паштоўкамі ад гродзенскай калекцыянеркі паштовак Ларысы Ліс.

«Паштовачкі як дарэвалюцыйныя так і савецкага часу, мясцовыя і замежныя. Многія з іх падпісаныя, вельмі цікава пабачыць, як людзі віншавалі адно-аднаго на працягу такога доўгага часу, далучыцца да гэтай шматгадовай плыні пажаданняў і цеплыні», — тлумачыць Дар’я.

Час і месца паходжання паштоўкі можна вызначыць па паперы і стылі малюнкаў

Калекцыянерка Ларыса Ліс збірае паштоўкі з самага дзяцінства, а цяпер называе сябе папулярызатаркай паштовак. Для яе важна не толькі калекцыянаваць, а і дзяліцца сваімі набыткамі з людзьмі, паказываць, зацікаўліваць. Таму спадарыня Ларыса ахвотна і часта ўдзельнічае ў выставах, часам ладзіць невялічкія ўласныя, як цяпер у краме «Лёля». З Дашай Фядотавай яны пазнаёміліся два гады таму, на адкрыцці крамы, і неўзабаве наладзілі там выставу паштовак, прысвечаную Дню маці.

[irp posts="99 576″ name=""Бо люблю". Навошта сямʼя гарадзенцаў трымае непрыбытковую краму беларускага хэндмэйду"]

Самая старая паштоўка на каляднай выставе — 1902 года. Тады заўсёды падпісвалі дату, калі паштоўка была падораная. А калі дата не стаіць, час можна вызначыць па паштовым штэмпелі. Час і месца паходжання калекцыянерка можа вызначыць нават па якасці паперы і стылі малюнкаў. На гэтай выставе не ставілі мэту паказаць паштоўкі за ўсе гады. Гэтым разам на калядную выставу адмыслова падбіралі асобнікі з выявамі сям'і, дзетак, каб нагадаць пра гэтыя каштоўнасці. «Мы вельмі даўно адышлі ад паштовачак, на якіх сям’я», — з сумам заўважае калекцыянерка.

Свіння, але не кітайская

Ларыса Ліс расказала, што даўней на калядных і навагодніх паштоўках вельмі любілі змяшчаць выяву свінні. Гэта аніяк не звязана з усходнім календаром — свіння лічылася сімвалам дастатку, якога людзі хацелі б пажадаць адзін аднаму ў новым годзе.

[irp posts="66 145″ name="Куміры тэатру і кіно пад адным дахам: выстава з прыватнай калекцыі гродзенкі адкрылася ў бібліятэцы"]

Наогул самая старая паштоўка ў калекцыі спадарыні Ларысы — 1884 года. «Калі кажу пра гэта на выставе, кладу лупу, каб яны бачылі год, у людзей у галаве не змяшчаецца, пытаюць: „А што, тады былі паштоўкі?“».


Наведаць выставу ў краме «Лёля» можна да 7 студзеня. Час працы: аўторак — пятніца з 10.00 да 19.00; субота, нядзеля — з 11.00 да 17.00, панядзелак — выхадны.