Будынак інтэрната для студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па вуліцы Дубко ўвядуць у строй у 2020 годзе, паведаміла БЕЛТА рэктар ВНУ Ірына Кітурка. Паводле папярэдніх ацэнак, кошт аб’екта складзе каля Br45 млн. Гэта будзе сучасня 13-павярховы будынак з безбар’ерным асяроддзем.

Праектам прадугледжана стварэнне пакояў для пражывання інвалідаў. Інтэрнат будзе шматфункцыянальным комплексам з бібліятэкай, моладзевым клубам і сталовай.

— Разлічана новы інтэрнат на 1030 месцаў. Увядзенне яго ў строй дазволіць нам не толькі забяспечыць іншагародніх і замежных студэнтаў жыллём і стварыць камфортныя ўмовы для пражывання, але і павысіць канкурэнтаздольнасць універсітэта сярод абітурыентаў, у тым ліку ў дачыненні да прыгранічных замежных ВНУ. Акрамя таго, ва ўніверсітэта з’явіцца магчымасць павялічыць колькасць замежных студэнтаў і, адпаведна, павысіць штогадовыя даходы ад экспарту адукацыйных паслуг, — распавяла рэктар. Яна падкрэсліла, што сёння каля 2 тыс. студэнтаў пражываюць у інтэрнатах.

Важна, што іншагароднія студэнты-першакурснікі па праграме «Універсітэт — твой дом» забяспечаныя месцамі на 100%. Таксама месцы ў інтэрнатах даюцца ўсім жадаючым студэнтам-замежнікам. Сёння ў ГрДУ імя Янкі Купалы чатыры студэнцкіх інтэрнаты. Тры з іх узведзены яшчэ ў 1960-х гадах, адзін — блочнага тыпу — здадзены ў эксплуатацыю ў 2005 годзе.