Вулічны музыкант з Гродна Аляксандр Зімін пачаў збор сродкаў на новы хэндпан праз краўдфандынгавую пляцоўку ulej.by. Новы інструмент патрэбен гродзенцу, каб развівацца ў творчасці і радаваць мінакоў больш якаснай музыкай.

На Савецкай вуліцы Аляксандр грае з лета 2018 года. Раней ён два гады граў каля Старога замка. Незвычайны інструмент у выглядзе лятаючай талеркі ўжо стаў славутасцю цэнтра Гродна.

У канцы лютага Аляксандр распавядаў Hrodna.life, што не хоча быць звычайным гарадскім музыкам. Каб развівацца, яму патрэбны новы хэндпан, але ён каштуе каля 2000 долараў. Дазволіць сабе яго музыка не можа.

«Два сезоны праект „Хэндпан у Гродне“ станавіўся на ногі, — распавядае Аляксандр. — Я аддаў пазыкі за інструмент, адзначыўся на міжнародным конкурсе ў Маскве, пакрасаваўся перад тысячамі турыстаў, якія наведалі Гродна, змог наладзіць жыццё, якое круцілася вакол 100 рублёў пенсіі па інваліднасці. Здабыў сваіх прыхільнікаў, але спыніўся ў развіцці як музыкант. Мне сорамна выходзіць на вуліцу. Я зрабіў памылку, не падумаўшы пра гэта».

Музыкант распавядае, што ў яго найбольш просты ў сваім класе інструмент. У яго сем мембран, у перакладзе на піяніна — сем клавіш. Гэтага ўжо не хапае.

«Хочацца караскацца вышэй. Людзі, якія падыходзяць і дзякуюць мне, заслугоўваюць большага. Грошай, якія сёння зарабляю, на жыццё хапае, але на развіццё праекта — не», — кажа Аляксандр. У растэрміноўку такі інструмент не купіць, а збіраць 2−3 тысячы долараў - гэта мінімум адзін страчаны сезон, лічыць музыкант.

Новы інструмент — новая музыка

Аляксандр не хоча трэці год запар граць адно і тое ж. Паводле яго слоў, так можна ператварыцца ў звычайнага вулічнага музыканта, які збірае на вячэру. А ў планах у яго большае: напрыклад, праводзіць вечары релаксу на прыродзе. Цікавіць і супрацоўніцтва з турфірмамі.

«Мне неяк адна маладая мама сказала: „Вы не ўяўляеце, колькі дзетак шчаслівыя ад вашай музыкі“. Але хочацца большага, хочацца творчага росту і новых прыемнасцяў для жыхароў горада і гасцей».

https://www.instagram.com/p/BllcI8oAkWz/

У новым хэндпане, які хоча набыць Аляксандр, больш нот, іншы лад. Гэта дасць магчымасць ствараць новыя кампазіцыі.

«Новы інструмент — гэта разнастайная музыка, большая ўвага турыстаў, якія з радасцю спрабуюць граць, здымаюць фота і відэа, распавядаюць дома, як у Гродне бачылі і чулі лятаючую талерку», — сказаў музыка.

Падтрымаць музыканта можна праз ulej.by.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]