Бар «Мята Lounge» у Гродне абвясціў пра закрыццё. Паведамленне з’явілася ў акаўнце ўстановы ў Threads: у апублікаваным відэа гаворыцца, што наперадзе ў каманды некалькі апошніх выходных, пасля якіх яна развітаецца з гасцямі. Гродзенцы выказалі здагадку, што гаворка можа ісці не пра закрыццё пляцоўкі, а пра змену брэнда.
У відэа пад трывожную і сумную музыку каманда развітваецца з наведвальнікамі. У звароце гаворыцца, што на працягу чатырох гадоў яна спрабавала зрабіць «Мяту» самым шумным, яркім і модным месцам горада. Паводле слоў аўтара відэа, гэта ўдалося дзякуючы гасцям і вялікай камандзе.
«Так склаліся абставіны, што бліжэйшыя некалькі выходных стануць апошнімі для „Мята Lounge“ у Гродне. Дзякуй вам за вашы эмоцыі і за тое, што былі з намі. Прыходзьце і падтрымайце нас у гэтыя апошнія выходныя», — гаворыцца ў відэа.
Зварот заканчваецца словамі: «На гэты раз мы прайгралі. А далей усё. Гісторыя „Мяты“ скончаная».
«Прывітанне, Nova»: што пішуць у каментарыях
Рэакцыя гараджан на навіну аказалася неадназначнай. Адны наведвальнікі засмуціліся і пыталіся, дзе цяпер будуць праводзіць летнія вечары з кальянам і любімымі стравамі. Іншыя ўспаміналі гастранамічныя фестывалі, якія праходзілі ва ўстанове. Былі і тыя, хто адрэагаваў на аб’яву без шкадавання: «Даўно пара», «Туды ім і дарога». Некаторыя пакінулі эмодзі са слязамі, а хтосьці назваў тое, што адбываецца, маркетынгавым ходам.
Але сярод каментарыяў ёсць і версія, што «Мята» не знікне, а працягне працу пад іншай назвай. Адзін з карыстальнікаў выказаў здагадку, што закрываецца менавіта франшыза, і жартам прапанаваў новую назву — «Дровы». Іншы напісаў, што ў Мінску таксама закрываюцца ўстановы сеткі.
Яшчэ адзін каментатар расказаў, што тры ўстановы, якія працавалі пад брэндам «Мята», праводзяць апошнія выходныя, пасля чаго пераходзяць на рэбрэндынг і ўласную беларускую франшызу Nova Lounge. Іншы карыстальнік назваў гэта пацвярджэннем сваіх слоў.
Сама каманда гродзенскага бара не каментавала гэтыя здагадкі гараджан.
Што вядома пра «Мята Lounge»
«Мята Lounge» — сетка лаунж-бараў і рэстаранаў, заснаваная ў 2014 годзе ў Казані. Яе заснавальнікам называюць Ільяса Валіуліна. Сетка развівае некалькі фарматаў устаноў і прапануе прадпрымальнікам адкрываць іх пад сваім брэндам па франчайзінгавай мадэлі.
Класічны фармат «Мята Lounge» аб’ядноўвае лаунж-зону, бар і кухню. Іншыя канцэпцыі сеткі робяць акцэнт на вечарынках, музыцы або гульнявых прасторах. Пры гэтым устаноў могуць быць розныя ўладальнікі і кіраўніцкія каманды.
Гродзенскі бар размешчаны на вуліцы Маставой, 31. Пры гэтым у адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра тое, на якіх умовах установа супрацоўнічала з сеткай «Мята Lounge» і ці была яе афіцыйным франчайзінгавым партнёрам. Таму пакуль нельга сцвярджаць, што гаворка ідзе менавіта пра спыненне працы па франшызе.
Раней «Мята» трапляла ў абмеркаванні праз узроставыя абмежаванні
У лютым 2026 года ўстанову абмяркоўвалі ў гродзенскім сегменце Threads пасля гісторыі з дзвюма дзяўчатамі, якіх не пусцілі ўнутр праз абмежаванне 21+. Падчас браніравання століка іх пра гэта не папярэдзілі. Пасля публічнай скаргі прадстаўнікі «Мяты» папрасілі прабачэння і паведамілі, што дададуць інфармацыю пра правілы наведвання ў сацсеткі і наглядныя аб’явы.


