На пасяджэнні беларуска-польскай рабочай групы па развіцці Аўгустоўскага канала, якое прайшло ў польскім Аўгустове, абмеркавалі план рэканструкцыі прыгранічнага шлюза Кужынец і наданне Сапоцкіну статусу турыстычнага цэнтра, паведамляе «Гродзенская праўда».

— Шлюз Кужынец — важная кропка трансгранічнага супрацоўніцтва. Мы выпрацавалі выразны план рамонтных прац і цалкам сышліся ў меркаваннях з польскімі калегамі. Гэта вельмі важна, таму што шлюз знаходзіцца на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Таксама дасягнута дамоўленасць аб прэзентацыі Аўгустоўскага канала ў турыстычнай прасторы як агульнага прадукта дзвюх краін, — адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Не менш важны пункт у развіцці турыстычнага патэнцыялу Аўгустоўскага канала — стварэнне буйнога пункта абслугоўвання турыстаў. Ім стане аграгарадок Сапоцкін, які фактычна з’яўляецца брамай Аўгустоўскага канала.

— Сапоцкін стане своеасаблівым штабам па развіцці турызму. Тут будуць сканцэнтраваныя інфармацыйна-турыстычныя плыні, арганізаваны пункты пракату ровараў. Агулам інфраструктура Сапоцкіна выйдзе абсалютна на новы ўзровень, — распавёў Алег Андрэйчык.

Акрамя гэтага на пасяджэнні абмеркавалі развіццё культурных аб’ектаў на Аўгустоўскім канале. На думку ўдзельнікаў рабочай групы, музеі павінны быць не проста сборам артэфактаў. У іх работу неабходна абавязкова дадаваць лічбавыя тэхналогіі, выкарыстоўваць віртуальную рэальнасць.

— Напрыклад, прыйшоўшы ў музей гісторыі Аўгустоўскага канала, наведвальнік павінен наглядна ўбачыць яго гісторыю, а не проста пачуць гэта ад гіда. Віртуалізацыя павінна стаць памочнікам у развіцці музейнай справы, — падкрэсліў Алег Андрэйчык.