Запланавалі рэканструкцыю міжгародняга аўтавакзала ў Гродне, якому больш за 60 гадоў, паведамляе grodnonews.by.

Рамонт будынка, пабудаванага ў 1962 годзе, наспеў даўно. Рэканструкцыяй прадугледжана магчымасць надбудаваць другі паверх, паколькі ў будынку высокія столі.

Пасля абследавання будынка і падмурка высветлілася, што спатрэбіцца ўзмацненне — згодна з планам прадугледжана ўстаноўка калон. Праект распрацоўваецца інстытутам «Гроднажылпраект». На другім паверсе размесцяцца зала чакання, пакой маці і дзіцяці. Для ўздыму на другі паверх будзе ўсталяваны ліфт. Мадэрнізацыя закране і «начынні» касаў, дыспетчарскай, усёй інфармацыйнай сістэмы для зручнасці пасажыраў.

На час рэканструкцыі адміністрацыя аўтавакзала і касы размесцяцца ў будынку прыгараднага вакзалу. Зараз УКСом аблвыканкама вызначаецца крыніца фінансавання.