Гродзенская «Цудоўня» гэта пляцоўка, якая займаецца папулярызацыяй і распаўсюдам лакальнай культуры і традыцыі. Каманда пастаянна шукае новыя спосабы іх прасоўвання — і зараз яны робяць гэта праз стварэнне вопраткі.

— Беларуская міфалогія — тэма адкрытая і цікавая, таму людзі не абыякавыя да яе. Кожны любіць казкі, а міфалогія гэта не толькі самі па сабе цікавыя гісторыі, яшчэ яны маюць непасрэднае дачыненне да культуры, лакальнай традыцыі і народнай міфатворчасці.

Як пляцоўка, якая ў першую чаргу займаецца распаўсюдам і папулярызацыяй той самай лакальнай культуры, наша каманда пастаянна шукае новыя спосабы рабіць гэту справу, — распавядае гаспадар крамы Андрэй Несцяровіч.

Персанажы не «заезджаныя»

Цішоткі гэта ўтылітарны і сучасны спосаб масава распаўсюдзіць нейкую інфармацыю. Выявы персанажаў не «заезджаныя» і не «забітыя», пра іх мала хто ведае, яны не на слыху. На такім фармаце вырабу гэта спосаб пазнаёміць многіх людзей з персанажамі беларускай міфалогіі.

Свая цішотка бліжэй да цела: этнакрама “Цудоўня” стварае калекцыю з выявамі беларускіх міфічных істот

Да кожнай цішоткі будзе прыкладацца інфармацыйны буклет з апісаннем, што за істота знаходзіцца на цішотке. Чым больш асобнікаў і цішотак разыйдзецца, тым больш беларусы будуць ведаць пра сваю ўласную міфатворчасць.

Аўтарка малюнкаў - таленавітая, але малавядомая гродзенская мастачка Канстанцыя Калінушкіна.

Вадзяніца супраць Русалачкі

Зараз зроблены тры жаночыя варыянты: Стрыга, Вадзяніца, Зазоўка і адзін мужчынскі персанаж — Кумяльган.

Свая цішотка бліжэй да цела: этнакрама “Цудоўня” стварае калекцыю з выявамі беларускіх міфічных істот

З іх найбольш вядомая Вадзяніца, якую шмат хто асацыюе з дыснэеўскай Русалачкай, але ў Беларусі гэта зусім іншы персанаж.

Зазоўка — персанаж пра якога не так шмат людзей ведае. Гэта прыгожая лясная жанчына, яна, звычайна распранутая, паказваецца маладым хлапцам у такіх формах і паставах, што ім цяжка перад ёй устаяць. Яна іх кліча за сабой, спявае прыгожыя песні, смяецца залівістым смехам і ў выніку мужчыны, якія за ёй ідуць, не вяртаюцца. Што яна з імі робіць застаецца таямніцай, але напэўна штосці з катэгорыі 18+.

Свая цішотка бліжэй да цела: этнакрама “Цудоўня” стварае калекцыю з выявамі беларускіх міфічных істот

У бліжэйшы час павінен з’явіцца асабліва актуальны для Беларусі персанаж — Апівень. Ужо па самой назве можна зразумець пра што ідзе гаворка.

Цішоткі будуць белага і чорнага колераў, а малюнкі белага і чорнага з чырвоным адценнем.

Героі, пра якіх нават не чулі

«Зараз асноўная крыніца інфармацыі гэта энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія», магчыма ў будучыні мы будзем карыстацца іншымі крыніцамі, але за апошні час гэта напэўна найбольш шырокая і дакладная крыніца па гэтай тэме.

Там шмат апісання персанажаў, пра якіх людзі нават не чулі, і вялікая колькасць гэтых істот не мае нейкага графічнага адлюстравання і мы іх не знаходзілі", — тлумачыць каманда «Цудоўні».


Этнакрама «Цудоўня» стварыла ўласны брэнд адзення: хутка вясновая сэксуальная калекцыя!


Набыць такую цішотку можна будзе ў Этнакраме «Цудоўня» на Кірава, 3. А так сама замовіць праз інтэрнэт і атрымаць поштай у любым месцы Беларусі.

Каманда стваральнікаў плануе распаўсюдзіць цішоткі даволі шырока па Беларусі, бо гэта не толькі лакальная гродзенская міфалогія, а агульнабеларуская.