Суд Навагрудскага раёну за хабар асудзіў былога дырэктара бярозаўскага шклозаводу «Нёман» Уладзіміра Авутку на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а начальніка заводскага ўпраўлення продажаў шклаваты Івана Шышко — на 2 гады, абодвух — з канфіскацыяй маёмасці, піша s**boda.org.

Да таго ж асуджаным нельга будзе займаць пэўныя адказныя пасады цягам 5 гадоў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі.

Асуджаныя незаконна ўзялі грошы ў прадстаўнікоў прадпрыемстваў, якім абяцалі бесперабойна пастаўляць шклавату.

Хабар давалі прыватныя ўкраінскія фірмы за тое, каб ім пастаўлялі шклавату па-за чаргой, раней за ўсіх. Авутка атрымаў не менш за 6 тысяч долараў, Шышко — 1,2 тысячы долараў.

Прысуд быў вынесены яшчэ 1 сакавіка. 23 мая скаргу Шышко разгледзеў Гродзенскі абласны суд — і пакінуў прысуд без зменаў. Цяпер ён уступіў у законную сілу.