У Гродне сустрэлі 100-тысячнага бязвізавага турыста з пачатку бягучага года, перадае БЕЛТА.

Рэкордным па колькасці гасцей без візы стаў для Гродна і Гродзенскага раёна 2019 год. За ўвесь 2018 год рэгіён наведалі каля 92 тыс. такіх турыстаў. Сёння ў абласным цэнтры ўшаноўвалі Аляксандра Кучынскі з Беластока, які стаў 100-тысячным бязвізавым турыстам для Гродна ў гэтым годзе. Мужчына ў складзе групы з усходніх рэгіёнаў Польшчы прыехаў у Гродна ўпершыню.

«Для мяне, вядома, сам факт стаў вялікай нечаканасцю. Вядома, прыемна. Цікава было адкрыць для сябе і Гродна — гэта горад з душой, дзе ёсць што паглядзець», — адзначыў Аляксандр Кучынскі. Ён распавёў, што абавязкова вернецца ў Гродна з жонкай. Акрамя памятных сувеніраў, госцю ўручылі сертыфікат на двух чалавек на Фестываль нацыянальных культур, які Гродна прыме летам 2020 года. Запрошаным забяспечаць прыём, яны змогуць пабываць на ўсіх святочных пляцоўках.

У Гродне сустрэлі 100-тысячнага бязвізавага турыста

Магчымасць без візы наведваць Гродна і наваколлі замежнікі атрымалі ў кастрычніку 2016 года. Плынь турыстаў з кожным годам павялічваецца. За ўвесь час такой магчымасцю скарысталіся каля 250 тыс. чалавек, сярод якіх сёлета былі грамадзяне 37 дзяржаў. У лідэрах па колькасці турыстаў Літва, Польшча, Латвія, Германія, Эстонія, Італія, Францыя.

«Сёння вельмі важна не проста запрасіць турыстаў, але і прапанаваць ім цікавы аб’ект або падзею, распавесці пра яго загадзя. Работа ў гэтым кірунку вядзецца ў рэгіёне актыўна. Функцыянуюць тэматычныя парталы, створаныя, напрыклад, інтэрактыўныя карты музеяў рэгіёну, веладарожак, распрацаваны і пастаянна папаўняюцца мабільныя дадаткі аб Аўгустоўскім канале, асноўных трасах рэгіёну і размешчаных побач адметнасцях», — распавёў на сустрэчы юбілейнага турыста намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён падкрэсліў, што з пашырэннем даступнай для бязвізавых турыстаў зоны на ўсю тэрыторыю Гродзенскай вобласці гэта работа будзе актывізавана.

У Гродне сустрэлі 100-тысячнага бязвізавага турыста

Калі раней бязвізавыя турысты ў Гродне прыязджалі ў сярэднім на суткі, то сёння сярэдні тэрмін знаходжання перавысіў 3 дні. Ёсць адчувальны эфект ад росту колькасці турыстаў і ў эканоміцы. У прыватнасці, за час існавання бязвіза ў Гродне адкрылася звыш 40 новых аб’ектаў грамадскага харчавання, з’явіліся 7 новых гасцініц і хостэлаў, створаны звыш 600 рабочых месцаў, істотна ўзрос у горадзе і раздробны таваразварот.

У Гродне сустрэлі 100-тысячнага бязвізавага турыста

У Гродна замежнікі едуць не толькі для таго, каб пазнаёміцца са славутасцямі, гісторыяй горада, але іх прыцягвае і падзейны турызм, шопінг. Усё больш запатрабаванымі становяцца медыцынскі і аздараўленчы віды турызму.