Ацяпленне ў жылым доме па вуліцы Гая, 7 размяркоўвалася нераўнамерна — у некаторых кватэрах тэмпература была ніжэй за норму, жыхары мерзлі. На вырашэнне праблемы спатрэбілася больш за месяц. Па словах чыноўнікаў, галоўнай прычынай стала халатнасць супрацоўнікаў ЖЭС №12.
Ацяпляльны сезон у Гродне пачаўся ў кастрычніку – ужо тады пры запуску ацяплення ў доме на Гая, 7 сутыкнуліся са збоем: інжынернае абсталяванне працавала няправільна. У некаторых кватэрах тэмпература не адпавядала ўсталяваным нарматывам.
«Але галоўная праблема аказалася нават не ў тэхніцы, а ў чалавечым фактары. Праведзеная праверка паказала адкрыта халатнае стаўленне з боку работнікаў ЖЭС Nº 12. Для нармалізацыі сітуацыі да працы падключыліся спецыялісты УЖРЭП Кастрычніцкага раёна горада Гродна», — адзначыў дырэктар УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Сяргей Дамастой.
Па выніках службовага разбору прынялі “прынцыповыя кадравыя рашэнні” — адказных прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Начальніка ЖЭС №12 звольнілі.
У самім жа доме па вуліцы Гая, 7 ліквідавалі падцяканне труб – гэта павінна гарантаваць устойлівую падачу цепланосбіта ў кватэры. На цеплатрубах замянілі адсутныя элементы цеплавой ізаляцыі. Дадаткова замянілі запорную арматуру і кантрольна-вымяральныя прыборы.
Пра праблему з ацяпленнем у доме стала вядома ў сярэдзіне лістапада 2026 года. Жыхаркі кватэр пад’езда №7 скардзіліся на холад, асабліва ў ранішнія гадзіны.
Каб разабрацца з ацяпленнем, пачалі тэлефанаваць у ЖЭС і звяртацца ў 115. бел – жыхаркі сцвярджаюць, што звароты былі штодзённымі.
Суседкі пачалі самастойна спускацца ў падвал дома – правяралі, ці вядзецца праца па рамонце труб. Змен не заўважылі: труба ў цеплапункце па-ранейшаму цякла, леташні засор у каналізацыі не ліквідавалі.
Пасля шэрагу просьбаў сантэхнікі ўсё ж спусціліся ў падвал. Вывучыўшы сітуацыю з трубамі, яны растлумачылі жыхаркам, што патрэбна замена вентыля на стаяку. Для гэтага трэба абследаваць усе асабістыя ячэйкі, каб зразумець, дзе менавіта знаходзіцца клапан.
«Стаякі ацяплення зачыненыя ў асабістых ячэйках, у кладоўках – доступ да іх быў абмежаваны. Пасля таго як знайшлі жыхара і дамовіліся, каб ён даў доступ, атрымалася так, што была неабходна замена вентыля на стыку», — тлумачыў Міхаіл Раманчук, начальнік аддзела інжынернага абсталявання УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна.
Пасля сантэхнікі «разпаветрылі» трубы, гэта значыць выдалілі адтуль паветра, – у стаяку з’явілася гарачая вада. У кватэрах пацяплела.
Чытайце таксама: У Гродне пяціпавярховік больш за месяц прастаяў без ацяплення — не маглі адкруціць вентыль



