Як паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, выпадак гібелі маладога чалавека ад менінгакокавай інфекцыі не з’яўляецца падставай для ўсеагульнай панікі. Пагроза здароўю насельніцтва адсутнічае. Ва універсітэце і сям'і загінулага праводзяцца стандартныя пры інфекцыйных захворваннях санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, паведамляе grodnonews.by.

— Мы вызначылі кола людзей, зь якімі юнак мог цесна кантактаваць ў апошнія 10 дзён. Паколькі ён быў даволі актыўным, у лік кантактных патрапілі, акрамя студэнтаў і выкладчыкаў яго факультэта, навучэнцы і выкладчыкі ваеннай кафедры, дзе ён вучыўся, а таксама тыя, хто наведваў з ім секцыю па баскетболе, уключаючы трэнера. Усяго больш за 80 чалавек, — распавяла загадчыца аддзела эпідэміялогіі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Якусевіч. — За ўсімі імі ўстаноўлена медыцынскае назіранне. Яно будзе працягвацца 10 дзён. Гэта максімальны інкубацыйны перыяд менінгакокавай інфекцыі. Кожны дзень у універсітэце лекар здраўпункта будзе ладзіць агляды, цікавіцца станам назіраных, вымяраць тэмпературу цела два разы на дзень, аглядаць на прадмет вонкавых змен, каб своечасова ўбачыць якія-небудзь праявы інфекцыі.

Па словах Таццяны Уладзіміраўны, абмежаванняў на наведванне ВНУ ўводзіць не будуць. У гэтым няма неабходнасці. Сёння ўсе, хто трапіў у блізкі круг зносін загінулага, абследаваны мікрабіялагічна. Вынікі будуць вядомыя праз 3−4 дні. Гэта, магчыма, дазволіць выявіць крыніцу інфекцыі. Члены сям'і маладога чалавека абследаваны яшчэ ўчора.

У якасці прафілактыкі Таццяна Якусевіч раіць прытрымлівацца рэкамендацый, агульных пры паветрана-капежных інфекцыях:

— Варта пазбягаць замкнёных калектываў, праветрываць памяшканні і пры любым нядужанні звяртацца да лекара.