Адной з задач новага парламента стане праца над новай Канстытуцыяй і новай мадэллю палітычнай сістэмы. Пра гэта 5 лістапада на сустрэчы з выбаршчыкамі заявіў дэпутат Ігар Марзалюк, паведамляе mspring. online.

Сустрэча з выбаршчыкамі дзейнага дэпутата парламента, які балатуецца на другі тэрмін, Ігара Марзалюка, прайшла ў сярэдняй школе № 40 Магілёва.

Паводле словаў спадара Марзалюка, Беларусь за 25 гадоў прайшла вельмі вялікі і зусім неадназначны шлях, і выкарыстала той рэсурс, які быў, у тым ліку рэсурс савецкі.

— Таму задача для парламента — праца над новым варыянтам Канстытуцыі, над новай мадэллю палітычнай сістэмы. Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць праз рэферэндумы. Ясна, што гэта ўсё будзе праходзіць з улікам меркаванняў абсалютнай большасці грамадзян. Усё гэта будзе, — заявіў Марзалюк.

Ён таксама распавёў, што ўжо ёсць «17 розных варыянтаў Канстытуцыйнага акту». Пакуль у парламент ніякіх прапановаў не ўнесена, ідзе праца на ўзроўні Канстытуцыйнага суда і іншых арганізацый, піша t*t.by.

— Гэта праца працяглая, карпатлівая, яе неабходна будзе правесці парламенту новага склікання, — растлумачыў дэпутат. — Канстытуцыйны акт прадугледжвае — з таго, што я магу сказаць, — пераразмеркаванне функцый улады. Гэта больш улады парламенту, які будзе кантраляваць прэм’ер-міністра.

Паводле словаў спадара Марзалюка, будзе таксама адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа.

— Менавіта беларуская ўлада, якую абвінавачвалі ва ўсіх грахах, асэнсавана будзе ісці на лібералізацыю і ў бок большай свабоды па гэтых напрамках. Таму што для нас самае галоўнае — захаваць беларускую дзяржаўнасць, зрабіць Беларусь цалкам легітымнай краінай у свеце, прызнанай усімі, — адзначыў Марзалюк.

Пазней Ігар Марзалюк заявіў, што бягучыя парламенцкія выбары — «апошнія па мажарытарнай сістэме».

Марзалюк высунуўся на другі тэрмін ад Магілёўска-Ленінскай акругі № 84.

У сакавіку 2019 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час у Беларусі будзе ці новая Канстытуцыя, ці будуць уносіцца змяненні ў дзейную.