Васо Січынава, напэўна, многія бачылі на футболе ў Гродне. Грузінскі заўзятар «Нёмана» ўжо трэці год не прапускае хатнія гульні каманды. Пры гэтым на кожным матчы ён заўсёды трымае ў руках грузінскі сцяг у падтрымку свайго сваяка Гіоргі Кантарыя, які гуляе за гродзенцаў.

Васо кажа, што трымаць сцяг Грузіі на матчах «Нёмана» гэта для яго гонар.

«У „Нёмане“ ўжо трэці год грае мой сваяк Гіоргі Кантарыя, — кажа Васо. — Яго бабуля і мой бацька — брат і сястра. Таму ў любое надвор’е я на футболе падтрымліваю Гіоргі. І ён гэта бачыць, стараецца. Але гэта не толькі для яго падтрымка, але і для ўсёй каманды».

Заўсёды трымае сцяг роднай краіны

Васо жыве ў Гродне з 1990 года. Ён ужо грамадзянін Беларусі, але пра родную Грузію не забывае.

«На апошнім матчы было вельмі холадна, але я заўсёды трымаю і буду трымаць сцяг роднай краіны. Для мяне гэта гонар. За „Нёман“ я заўзею даўно і ўжо раней хадзіў на матчы, але калі Гіоргі прыехаў сюды, то я стаў наведваць кожную хатнюю гульню. Я б і на выязных матчах падтрымліваў „Нёман“, але здароўе не дазваляе».

У Гіоргі ёсць цікавая прапанова

Васо ў маладосці гуляў у футбол, таму ў гульні разбіраецца. Выступам гродзенскай каманды ў гэтым годзе ён не вельмі задаволены. Кажа, жоўта-зялёным не хапае свежасці.

«Ёсць пэўныя праблемы ў камандзе, гэта відаць. Ды і мала на поле маладых футбалістаў, не хапае свежасці. Гульнёй Гіоргі агулам я задаволены, відаць што хлопец стараецца, але не заўсёды ўсё атрымліваецца. Пасля матчаў мы з ім абмяркоўваем некаторыя моманты. Не ведаю, ці застанецца ён у „Нёмане“ на наступны год. Ёсць у яго адна цікавая прапанова».

Атрымаў мяч, але хоча яшчэ майку

Пасля апошняга хатняга матчу сезона Гіоргі Кантарыя падышоў да трыбунаў і падараваў Васо мяч у знак падзякі за яго пастаянную падтрымку.

«Гэта ўжо не першы падарунак ад Гіоргі, але я хацеў бы яго майку. Паглядзім у канцы сезона: падорыць ці не», — дадаў Васо.

Васо Сичинава, Гиорги Кантария, Грузия, ФК Неман
Мяч для Васо ад Гіоргі

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]