«Добрыя жарты». З’явіўся мастацкі каляндар з беларускімі прыказкамі

Да Новага 2020 года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1 выпусціла мастацкі каляндар «Добрыя жарты«. Ён складаецца з адмысловых малюнкаў, якія ілюструюць 13 беларускіх прыказак, адабраных з 8000 варыянтаў! У распрацоўцы календара бралі ўдзел людзі з няпростым лёсам — наведвальнікі цэнтра рэабілітацыі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа». Прэзентацыя выдання адбылася пры ўдзеле лідэра этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука.

Каб падрыхтаваць каляндар «Добрыя жарты», спецыялісты Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» разам з наведвальнікамі цэнтра прачыталі каля васьмі тысяч беларускіх прыказак, асэнсавалі іх ды абралі некалькі дзясяткаў найбольш цікавых, пасля чаго ўжо прапанавалі свае ідэі беларускай мастачцы Таццяне Быц. «Быў бы сад, а салаўі прыляцяць», «Гаспадарку весці - не барадой трэсці», «Абы бог да добры людзі, то ўсё добра будзе» — кожны месяц у календары пачынаецца з падобнага паслання.

Мінскі клубны дом «Адкрытая душа» — праект Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў па падтрымцы людзей з псіхічнымі расстройствамі. У тых, хто туды прыходзіць, розныя жыццёвыя гісторыі, але іх яднаюць аднолькавыя жаданні пераадолець наступствы хвароб, навучыцца чамусьці каштоўнаму і знайсці сяброў. Уся работа ў цэнтры арганізавана так, каб удзельнікі рэабілітацыйнай праграмы вярнулі сабе адчуванне ўласнай значнасці і ўпэўненасць у сваіх сілах, адчулі падтрымку і атрымалі магчымасць узаемадзейнічаць разам з іншымі людзьмі.

«Святкаваць разам урачыстыя даты — добрая традыцыя, а ў дадзеным выпадку яшчэ і карысная, бо дапамагае ў рэабілітацыі. Менавіта таму нам падалася цікавай ідэя выпусціць каляндар, які б нагадваў наведвальнікам цэнтра пра прыемныя сустрэчы, якія іх чакаюць. І мы вельмі ўдзячныя кампаніі А1 за падтрымку гэтай ініцыятывы. Выпуск календара стаўся сапраўды асаблівай падзеяй для нашых спецыялістаў і ўдзельнікаў рэабілітацыйных праграм Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа», — падкрэсліла Кацярына Гузоўская-Гара, прадстаўніца Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў.

«Праца над праектамі, якія дапамагаюць у яскравай форме прадставіць беларускую мову і культуру, — адзін з найважнейшых кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці А1. І мы радыя, што каляндар „Добрыя жарты“ працягвае гэтую традыцыю, а яго афармленне, над якім працавала мастачка Таццяна Быц, спалучае ў сабе народныя матывы і авангард. Важна таксама тое, што гэты праект прыцягвае ўвагу да дзейнасці Мінскага клубнага дома „Адкрытая душа“, які робіць вельмі каштоўную справу», — адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Віктар Пазнякоў.

Прэзентацыя календара праходзіла з удзелам аднаго з самых вядомых даследчыкаў беларускага народнага фальклору — лідэра этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука. У рамках сацыяльнага праекта «Добрыя жарты» ён прадставіў гасцям імпрэзы свой знакаміты монаспектакль «Дарожка мая», які створаны на аснове народных песень і ўяўляе з сябе сінтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры.

«Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што „Добрыя жарты“ не проста мастацкі каляндар, а зборнік народных прыказак. Фальклор продкаў - калодзеж мудрасці. Мы слухаем і спяваем іх песні, бярэм удзел у абрадах — і быццам па кропельцы напаўняем і ачышчаем сябе. Любы падобны праект ці канцэрт для мяне — рытуальная споведзь, да якой я сур’ёзна рыхтуюся. Бо гэта прысвячэнне продкам, якія сышлі, але бачаць нас, чуюць і дапамагаюць, калі мы шануем тую мудрасць, што яны пакінулі нам у спадчыну. Мы ж таксама будзем продкамі. Але якімі? Мне падаецца, укладальнікі календара таксама думалі пра гэта, калі працавалі над ім», — адзначыў Іван Кірчук.

Каляндар не паступіць у продаж і будзе распаўсюджвацца праз Мінскі клубны дом «Адкрытая душа». Падтрымаць яго наведвальнікаў і спецыялістаў можна, аказаўшы валанцёрскую ці спонсарскую дапамогу.

За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся сюды ці тэлефануйце +375 (29) 138−64−78 (Кацярына). Кансультацыі па ўдзеле ў праграмах рэабілітацыі па нумарах: +375 (44) 779−88−24 і +375 (17) 235−04−48.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Высокая небяспека для грамадства». У Іўі за падпіскі аштрафавалі пастыра

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Іўі судзілі пастыра. Верагодна, гаворка ідзе пра Юрыя Гардзея, пастыра…

18 мая 2024

Натарыус адмовіўся рабіць даверанасць для гродзенца са спісу «тэрарыстаў». Той паскардзіўся ў суд

Беларуса асудзілі паводле некалькіх артыкулаў - у тым ліку за тэракт. Ён адбывае пакаранне ў…

17 мая 2024

У актывісткі страйкама з Гродна на радзіме арыштавалі маёмасць

На актывістку страйкаму "Гроднапрамбуд" Юлію Сліўко завялі новую крымінальную справу. У Беларусі ў яе арыштавалі…

17 мая 2024

Дзяўчынку, якая выпала з атракцыёна ў Лідзе, перавялі з рэанімацыі ў траўматалогію. Што з ёй зараз?

Адзінаццацігадовая дзяўчынка, якая ўпала з вышыні з атракцыёна ў Лідзе, аднаўляецца. Яе перавялі з рэанімацыі…

17 мая 2024

Ва ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой абяцаюць забраць маёмасць у Беларусі

Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі…

17 мая 2024

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13.…

17 мая 2024