Навіны

Беларусы знялі фільм пра падлеткаў і ВІЧ. Але дзецям да 16 яго глядзець нельга

Гэта гісторыя, якая з табой дакладна не адбудзецца. Гэта ж пра ВІЧ, які магчымы недзе там, «у Еўропах» або ў падручніках. Мы пра ВІЧ і так усё ведаем. Толькі сутыкнуўшыся з праблемай тварам да твару разумееш — страхаў і стэрэатыпаў у талерантных беларусаў нашмат больш, чым ведаў з адукацыйных буклетаў і прафілактычных улётак.

У гродзенскім кінаклубе «Ракурс» 9 студзеня паглядзелі і абмеркавалі фільм «II» беларускай рэжысёркі Улады Сяньковай. Пра тое, як здымалі фільм і чаму яго «не трэба» глядзець падлеткам, распавялі прадзюсар Мікалай Лаўранюк і акцёр Аляксей Вайніловіч.

«Пасля фільма некаторыя пайшлі рабіць тэсты на ВІЧ»

Зняць фільм пра праблему ВІЧ центрe «АРТ Корпорейшн» прапанаваў Інстытут ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях і адукацыі.

«Спачатку думалі пра дакументалку, потым з’явілася ідэя зрабіць ігравое кіно. Улада Сянькова і Саша Лясько напісалі сцэнар. У выніку атрымаўся фільм на гадзіну. Яго знялі за 6 дзён», — распавёў Мікалай Лаўранюк.

youtu.be/M9pMq1efLj0

Задачы зрабіць адукацыйны матэрыял у здымачнай групы не было. Інфармацыі пра ВІЧ дастаткова ў адкрытым доступе. «Падумалі, наш фільм якраз стане стымулам, каб людзі пастараліся самі нешта знайсці. Я ведаю такія выпадкі, калі гледачы пасля фільма рабілі тэст на ВІЧ».

Калі здымалі, вырашылі ўсе таксама зрабіць тэст на ВІЧ, распавёў Аляксей Вайніловіч: «І тут нехта кажа: а раптам у каго з нас ВІЧ? А іншы такі: ой, а мы ж з адной бутэлькі пілі». Як у кіно ўсё і здарылася. Хоць сцэнар перад здымкамі чыталі".

З іншага боку праект не толькі пра людзей з ВІЧ. «Гэта больш аб праблемах стыгматызацыі, калі грамадства робіць чалавека ізгоем, пачынаецца цкаванне і ізаляцыя. Такое можа закрануць любога, хто адрозніваецца ад большасці».

100% беларускі праект

Галоўныя ролі ў стужцы выканалі маладыя акцёры Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч і Іларыя Шашко.

Па словах прадзюсара, спачатку галоўную ролю прапанавалі іншай выканаўцы, але яна адмовілася граць ВІЧ-інфікаваную гераіню. Маўляў, з-за такой ролі могуць быць іміджавыя страты. Некаторыя акцёры адмаўляліся з-за невысокіх ганарараў, але ў асноўным згаджаліся адразу. «У беларускіх артыстаў не так шмат магчымасцяў для творчай рэалізацыі - альбо серыялы расійскія, альбо тэатр. А тут было цікава працаваць».

На Варшаўскім міжнародным кінафестывалі карціна заслужыла асаблівае ўпамінанне журы за «кінематаграфічны голас з краіны, слаба прадстаўленай на сусветнай сцэне, які ўзрушыў нас сваім смелым, адважным і свежым расповедам гісторыі, якая звяртаецца да жорсткай рэальнасці сацыяльнай ізаляцыі».

Для каго фільм, калі падлеткам глядзець нельга?

На гродзенскай прэм’еры фільм паказалі ў версіі 18+. На думку гледачоў, падлеткавая тусоўка выглядала цалкам праўдападобна і нават «гіперрэалістычна». Там гучалі сучасныя музычныя трэкі, а школьнікі не заўсёды выглядалі паінькам. Часам яны біліся, былі сцэны булінгу, у некаторых эпізодах чуўся мат, часам можна было здагадацца, што падлеткі не зусім цвярозыя.

У адкрыты пракат выйшла больш мяккая версія фільма 16+. У ёй заглушаныя нецэнзурныя выразы.

Атрымліваецца, што фільм здымалі для падлеткавай аўдыторыі, але паглядзець яго на «законных падставах» у мэтавай аўдыторыі не вельмі атрымаецца.

«Ёсць заканадаўства, ёсць Мінкульт, які па сваіх правілах выстаўляе абмежаванні. Нецэнзурная лексіка — гэта адразу 18+», — каментуе Мікалай Лаўранюк.

У Гродне фільм будзе ў пракаце да 15 студзеня. Паглядзець яго можна ў кінатэатры «Чырвоная зорка».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024

У Зарыцы хочуць пабудаваць новы квартал таўнхаўсаў

У мікрараёне “Зарыца-1” плануюць пабудаваць блакаваныя жылыя дамы. Участак выставілі на аўкцыён, паведаміў Гродзенскі цэнтр…

1 мая 2024

База КДБ: як на «Радыёхвалі» не ўдалося сабраць подпісы за Лукашэнку

Супрацоўнік "Радыёхвалі" ў Гродне Аляксандр Каяла паскардзіўся ў КДБ на тое, што не змог пакінуць…

30 красавіка 2024

Самыя грашовыя вакансіі ў Гродне. Каму гатовы плаціць больш за 4 тысячы рублёў?

У Гродне знайшліся актуальныя вакансіі, дзе прапануюць заробак больш за чатыры тыс. рублёў у месяц.…

30 красавіка 2024

Адзін з кіраўнікоў польскага парламента хоча адкрыць закрытую мяжу паміж Гроднам і Беластокам

Віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўна ўмяшаецца ў пытанне з закрытай мяжой. Ён звернецца ў Міністэрства…

30 красавіка 2024