Беларускія медыкі адпрацоўваюць дзеянні на выпадак выяўлення пацыентаў з падазрэннем на каронавірус, паведаміў БЕЛТА міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

«Павінна быць выразная лагістыка. Калі пацыент з прыкметамі віруснай інфекцыі звяртаецца ў прыёмны пакой ці выклікае хуткую і ў анамнезе — наведванне КНР, павінен быць праведзены ўвесь комплекс мерапрыемстваў па яго дастаўцы ў спецыялізаваную ўстанову, ізаляцыі, забора біяматэрыяла, наступнай санапрацоўцы транспарту і месца, куды ён звярнуўся, ахоўнага адзення медперсаналу, які праводзіў транспарціроўку, — сказаў Уладзімір Каранік.

— Наша задача — абараніць медперсанал і насельніцтва ад распаўсюджвання гэтай інфекцыі. Трэніроўкі падвысяць верагоднасць таго, што ў выпадку выяўлення такога пацыента гэта не прывядзе да распаўсюджвання інфекцыі". Планавыя трэніроўкі, па словах міністра, дазволяць выявіць усе шурпатасці і нестыкоўкі.

У Беларусі робяць усё магчымае, каб не дапусціць крытычнай сітуацыі. У прыватнасці, наладжаны кантроль на ўсіх пунктах пропуску — гэта тычыцца і авія-, і аўтамабільнага транспарту. У тых, хто прылятае прамым рэйсам з Кітая, а таксама пры наяўнасці небяспекі інкубацыйнага перыяду без прыкмет хваробы праводзіцца паглыбленае даследаванне для вызначэння магчымага носьбіцтва віруса. Усе пасажыры з прыкметамі віруснай інфекцыі накіроўваюцца для даабследавання, выяўлення дыягназу і аказання меддапамогі.