У Беларусі яшчэ два станоўчыя тэсты на каранавірус (COVID-19): жыхароў Гомеля і Мінска, паведамляе Мінздароўя. Такім чынам, колькасць выпадкаў каранавіруса ў краіне вырасла да 11 (трое выздаравелі), піша n*.by.

«Моцныя Навіны» напісалі пра выпадак з Гомеля.

Учора, 10-га сакавіка, тэст на каранавірус аднаго з гамяльчан даў станоўчы вынік. 20-гадовы малады спартсмен вярнуўся з Партугаліі, дзе браў удзел у спаборніцтвах па спартыўнай акрабатыцы.

Каманда прыляцела ў Мінск, аднак на той момант сімптомаў захворвання ў спартсмена не было. Па вяртанні ў Гомель яму стала дрэнна, ён быў шпіталізаваны, у яго ўзялі тэст на каранавірус, які даў станоўчы вынік. Хлопец знаходзіцца ў ізаляцыі ў Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы. Акрамя таго, пад назіранне ўзята больш за дзесяць чалавек «узроўню першага кантакту».