Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Падляшскі музей пачынаюць працаваць над вялікім праектам — стварэннем двух Цэнтраў па даследаванні і рэстаўрацыі музейных прадметаў.

За бліжэйшыя два гады плануюць адаптаваць будынкі пад майстэрні і купіць спецыялізаванае абсталяванне і машыны для перавозкі адзінак матэрыяльнай спадчыны. Праект фінансуе Еўрасаюз па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на перыяд 2014−2020. Агульны бюджэт праекта — больш за 1,3 млн еўра. Для музея ў Гродне выдзеляць паўмільёна еўра.

Што дасць праект?

Мэта праекта — захаванне і папулярызацыя мясцовай культурнай спадчыны. Два цэнтры будуць цесна супрацоўнічаць.

Будзе створана сумесная база дадзеных з вынікамі работ. База дадзеных будзе размешчана на сайтах абодвух музеяў і будзе даступная ўсім: жыхарам рэгіёну, турыстам, спецыялістам, студэнтам, універсітэтам.

У цэнтрах таксама змогуць праводзіць кансервацыю прадметаў для іншых устаноў, якія не маюць такіх майстэрняў. Акрамя таго, цэнтры будуць праводзіць даследаванні, навучаць і кансультаваць па пытаннях абароны матэрыяльнай спадчыны.

Дзе ў Гродне з’явіцца цэнтр?

Для стварэння Цэнтра даследавання і кансервацыі артэфактаў ў Гродне плануюць адаптаваць два будынкі на вул. Акадэмічнай, 16 і вул. Акадэмічнай, 16/1.

Тут будуць створаны майстэрні:

— па кансервацыі драўніны
— па кансервацыі металу
— лабараторыя па кансервацыі археалагічных артэфактаў
— майстэрні па працы са скурай
— майстэрні па кансервацыі паперы
— майстэрні па кансервацыі тканіны
— іканапісныя і рэстаўрацыйныя майстэрні
— фотастудыя і кампутарная лабараторыя
— камера фумігацыі

Што ўжо зроблена ў Гродне?

Цэнтр рэстаўрацыі ў Гродне запрацаваў у 2017 годзе, калі стала вядома, што сумесны праект беластоцкіх і гродзенскіх музейшчыкаў падтрымаў ЕС. Тут працуюць некалькі рэстаўратараў, у будучыні штат пашырыцца.

Навошта ў Гродне такі цэнтр?

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца каля 200 000 прадметаў - гэта адна з самых буйных калекцый у Беларусі. Але стан многіх прадметаў не дазваляе паказваць іх у экспазіцыі - яны патрабуюць рэстаўрацыі. Такіх рэчаў у музеі 16 000 або каля 8% ад усяго.

У той жа час, у рэгіёне не хапае экспертаў, спецыяльнай тэхнікі і прыстасаванняў для рэстаўрацыі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]