У Беларусі будуць паэтапна пераводзіць назіранне за «кантактамі 1-га ўзроўню» хворых на каранавірусную інфекцыю са стацыянарнага на амбулаторны этап з улікам наяўнага эпідэміялагічнага становішча і магчымасці самаізаляцыі.

Пра гэта паведамляе officelife.media са спасылкай на загад Міністэрства аховы здароўя ад 8 красавіка, які трапіў у распараджэнне рэдакцыі. Па сутнасці, гэта азначае, што такіх людзей не будуць шпіталізаваць, а будуць пакідаць у самаізаляцыі.

Кантакты першага ўзроўню больш не будуць шпіталізаваць. За парушэнне самаізаляцыі - штраф або турма

Пры немагчымасці самаізаляцыі «кантактаў 1-га ўзроўню» будуць накіроўваць у кантактныя цэнтры.

Да гэтага часу ў Беларусі «кантактаў 1-га ўзроўню» змяшчалі ў бальніцу, а ў кантактных цэнтрах знаходзіліся толькі «кантакты 2-га ўзроўню». Тыя «кантакты 1-га ўзроўню», якія ўжо знаходзяцца ў шпіталях, там і застануцца (калі не будзе рэзкага наплыву заражаных).

«Кантакты 1-га ўзроўню» — гэта людзі, якія непасрэдна кантактавалі з заражанымі COVID-19. «Кантакты 2-га ўзроўню» непасрэдна з інфіцыраванымі не кантактавалі, а толькі з «кантактамі 1-га ўзроўню».

Каму быць на самаізаляцыі, чаго ў ёй нельга рабіць і што за гэта будзе

Пастановай Саўміна ад 8 красавіка ўрад вызначыў, хто павінен прытрымлівацца самаізаляцыі і што пагражае за парушэнне такога рэжыму, піша t*t.by.

На самаізаляцыю павінны быць змешчаны грамадзяне Беларусі, замежнікі і асобы без грамадзянства ў наступных выпадках:

  • калі ў іх ёсць дыягнаставаны COVID-19;
  • калі яны адносяцца да кантактаў: ​​першага ўзроўню з асобамі, якія маюць COVID-19, — на працягу 14 каляндарных дзён з даты апошняга кантакту; другога ўзроўню з асобамі, якія маюць COVID-19, пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў - на перыяд наяўнасці названых сімптомаў. Вызначыць, да кантактаў якога ўзроўню адносіцца той ці іншы чалавек, можа Міністэрства аховы здароўя;
  • калі яны прыбылі ў Беларусь з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19, на працягу 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця.

Тым, хто адправіцца на самаізаляцыю, уручаць патрабаванне аб захаванні правіл. Людзям на гэты перыяд будзе выдадзены ліст непрацаздольнасці, калі за іх, а таксама імі самімі выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўнёскі.

Калі чалавек парушыць патрабаванні пра самаізаляцыю, то дапамога па часовай непрацаздольнасці будзе прызначана ў памеры 50 працэнтаў ад належнага па заканадаўстве. Тэрміны знаходжання грамадзян у самаізаляцыі могуць быць падоўжаны па рашэнні лекараў.

У самаізаляцыі людзі абавязаны:

  • ня пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку не хадзіць на працу (вучобу), у аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей. Дазваляецца выйсці ў бліжэйшую харчовую краму ці аптэку, а таксама вынесці смецце;
  • пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі;
  • паведаміць наймальніку аб прычыне адсутнасці на працы;
  • выключаць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для бяспекі жыццядзейнасці;
  • пры пагаршэнні стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37° C і вышэй, з’яўленне кашлю, дыхавіцы) звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіўшы СМС-паведамленне, паведаміўшы пры гэтым пра знаходжанне у самаізаляцыі.

У пастанове прадстаўлена форма патрабавання аб захаванні правіл паводзін, якое абавяжуць падпісаць тых, хто захварэў, і кантакты.

«Непадпарадкаванне гэтаму патрабаванню, невыкананне іншых санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў цягне прыцягненне да адміністрацыйнай (штраф да 50 базавых велічынь [1350 рублёў] або адміністрацыйны арышт) альбо крымінальнай (аж да пазбаўлення волі) адказнасці», — удакладняе дакумент.

Акрамя гэтага, тым, хто парушыў 14-дзённы рэжым самаізаляцыі па прыездзе з краін з зарэгістраванымі выпадкамі інфекцыі COVID-19 у пунктах пропуску праз мяжу адмаўляюць у паўторным выездзе, паведамляе grodnonews.by. Гэта вызначана сумеснай пастановай Міністэрства аховы здароўя, МУС і Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь.


Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 9 красавіка колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса ў Беларусі дасягнула 1486, з іх памерлі 16 чалавек, ачунялі 139 пацыентаў.


Да 18 выклікаў на дзень. Як змянілася работа ўрача ў паліклініцы праз каранавірус

«Нават не ўспомнілі». Як апісваюць самаізаляцыю і як яна выглядае