З пачатку ўспышкі каранавіруса ў Беларусі на 10 красавіка пацвердзілі 1981 выпадак COVID-19. З іх у бальніцах знаходзяцца 1793 чалавекі, 169 ачунялі, зарэгістравана 19 смерцяў. 72 пацыенты знаходзяцца на апаратах ШВЛ, паведамляе Мінздароўя.

Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя адзначае, што большасць выпадкаў - гэта выяўленыя кантакты 1 і 2 узроўняў. Паводле звестак на 9 красавіка, было 1486 выпадкаў заражэння, прырост за суткі склаў 33% (495 новых выпадкаў). За мінулыя суткі колькасць тых, хто захварэў павялічылася на 39% (420 новых выпадкаў).

Раней міністар здравааховы Уладзімір Каранік заяўляў, што ў Беларусі больш за 2 тысячы апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і амаль 1,5 тысячы наркозна-дыхальных апаратаў, якія ў шэрагу выпадкаў могуць выкарыстоўвацца для штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Нагадаем, што на загад Міністэрства здароўя, апублікаваны 8 красавіка, кантакты 1-га ўзроўню больш не будуць шпіталізаваць. Іх абавязваюць самаізалявацца дома з афармленнем лістка непрацаздольнасці. У так званыя кантактныя цэнтры будуць адпраўляць, толькі калі магчымасці для самаізаляцыі няма.

Пастановай Саўміна ад 8 красавіка ўрад вызначыў правілы самаізаляцыі. Парушальнікаў рэжыму чакае адміністрацыйная (штраф да 50 базавых велічынь [1350 рублёў] або адміністрацыйны арышт) ці крымінальная (аж да пазбаўлення волі) адказнасць.