беларускія ўпрыгожанні belaruskicry

Каб было каму дапамагаць нам. Ідзе збор сродкаў на дапамогу гродзенскім медыкам

Калі захварэюць дактары, то хто будзе ратаваць нас? Валанцёры Гродна адкрылі збор сродкаў на molamola.by на дапамогу медыкам у барацьбе з COVID-19.

Таму што пацыентаў можа быць шмат і медыкі не ведаюць, колькі можа спатрэбіцца сродкаў індывідуальнай абароны, масак, рэспіратараў, абаронных экранаў і касцюмаў, сродкаў дэзінфекцыі і гэтак далей. І таму медыкі прымуць любую дапамогу ад шчырага сэрца.

«Мы, каманда гарадзенскіх валанцёраў, стараемся дапамагчы нашым медыкам, якія зараз ратуюць нас на першай лініі вагню ў барацьбе з эпідэміяй. Бо калі захварэюць яны, то хто будзе лячыць нас? Акрамя гэтага, мы праводзім інфармацыйную кампанію: расклейваем па горадзе ўлёткі з парадамі для сталых людзей, як перажыць каранавірус.

І цяпер мы хацелі б папрасіць вас аб дапамозе. Мы працуем з камандай Хакерспейс, якія па-валанцёрску робяць абаронныя экраны, у нас ёсць валанцёры, гатовыя шыць маскі і абаронныя касцюмы для нашых медыкаў.

Але на выраб усяго гэтага патрэбны матэрыялы і грошы. Як патрэбны грошы на сродкі дэзінфекцыі, рэспіратары, бахілы, друк інфармацыйных улётак і іншае. Калі вы разумееце, як усё зараз няпроста, і хочаце дапамагчы медыкам (на самай справе кожнаму з нас), просім падтрымаць нашу валанцёрскую ініцыятыву рублём, а таксама запрашаем далучыцца да нашай каманды".

Як далучыцца справай

Каб паўдзельнічаць у працы, можна далучыцца да тэлеграм-чата гарадзенскіх валанцёраў: https://t.me/k28chat. Тут збіраецца ўся інфармацыя пра патрэбы медыкаў Гродна і Гарадзенскай вобласці на бягучы момант. У ім можна прапанаваць дапамогу альбо папрасіць яе.

Дапамога можа быць любая: збіраць абаронныя экраны, прывезці тканіну для вырабу масак, расклеіць інфармацыйныя ўлёткі на сваёй вуліцы ці раёне і г. д.

Альбо патэлефанаваць па нумары +37 529 2 663 803.

«У нас ёсць адзіная кропка, дзе мы збіраем ад жадаючых падзяліцца дапамогай дэзсродкі, тканіну для масак, сродкі індывідуальнай абароны і гэтак далей. Адрас: вул. Кірава, 3 (Цэнтр гарадскога жыцця).

Калі вы медык і вам ці вашай установе патрэбна дапамога, напішыце нам ці пазваніце, мы будзем старацца дапамагчы.

Мы шмат зрабілі, але разам з вамі і з вашай падтрымкай зробім яшчэ больш", — кажуць арганізатары.


Па стане на 14 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 3281 выпадак каранавіруса, 33 чалавекі памерлі.