Улады Гродна з 7 мая пачалі віншаваць ветэранаў з 75-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Чыноўнікі прыязджаюць да дамоў ветэранаў з ваенным аркестрам і творчымі калектывамі.

Чыноўнікі ўручаюць ветэранам кветкі і медалі.

«Я — салдат і заўсёды бываю на дэманстрацыі, у коле аднадумцаў і таварышаў па службе, — кажа ветэран Валянціна Баранава. — Ніякі каранавірус, хай з каронай або без кароны, мне не страшны. Я казала, што пайду на парад. А вось адмянілі. Ну, напэўна, так трэба. Тое, што парада няма, гэта вельмі цяжка для нас — удзельнікаў вайны».

Валянціна Баранава настроена аптымістычна і ўпэўнена, што калі пандэмія пойдзе на спад парад абавязкова будзе. «Правядзем яго так, як ніколі не праводзілі», — кажа яна.

Сёння ў Гродзенскай вобласці жывуць 332 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтым годзе Дзень Перамогі ў Гродне адзначаць без традыцыйнага параду і гулянняў. 9 траўня ў парку Жылібера пройдзе мітынг і ўскладанне кветак да вечнага агню. Увечары запланаваны салют.