Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Масавы мор рыбы адбыўся ў Нёмане - Hrodna.life - навіны Гродна

Гродзенскія рыбакі 13 чэрвеня паведамілі аб масавым моры рыбы ў Нёмане. Яны называюць здарэнне «экалагічнай катастрофай» і пішуць пра магчымасць траплення ў ваду атрутных рэчываў.

Мёртвая рыба стала з’яўляцца вечарам 12 чэрвеня, да раніцы наступнага дня яе стала больш. Рыбакі паведамляюць, што бачылі на Нёмане сінія плямы.

«Кожны год у адзін і той жа час у нас на Нёмане мор рыбы — уся на паверхні, — распавядае рыбак Валерый. — З чым гэта звязана, ніхто не ведае. Але гэта не з-за спякоты, дакладна. Вада ў Нёмане ўвесь час прахалодная, рыбам хапае кіслароду. Мне здаецца, хтосьці хімікаты злівае ў Нёман, і з-за гэтага масава гінуць рыбы і ракі».

Мёртвую рыбу бачылі ў розных месцах: і ў цэнтры горада, і ў раёне ратавальнай станцыі «Ласосна» (пляж каля БХМД), і вышэй плаціны ГЭС.

Вось такія фота размясцілі ў групе «Рыбалка в Гродно» Вконтакте рыбакі.

Некаторыя рыбакі лічаць, што мор рыбы звязаны з пачаткам сезоннай апрацоўкі палёў. Нібыта, хімікаты пасля дажджоў патрапілі ў Нёман.

«У Нёмане гіне ўся рыба ад малька да трафейных асобнікаў, тых жа чырванакніжных усачоў. Кіслароднае галаданне выключана, вада не прагрэлася вышэй за 20 градусаў. Мабыць, раку атруцілі», —
напісаў Аляксей Якубовіч у групе «Рыбалка в Гродно».

Hrodna.life звяртаўся з пытаннямі пра мор рыбы ў Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг». Яны высвятляюць прычыну здарэння і пакуль не каментуюць сытуацыю: без вынікаў аналізаў вады рабіць высновы рана. Вядома, што прадстаўнікі камітэта і інспекцыі выязджалі на месца, бо да іх паступалі скаргі.