У Беларусі акрэслілі новыя падыходы да шпіталізацыі пацыентаў з COVID-19. Цяпер пацыентаў з сярэднецяжкай і цяжкай формай каранавіруса будуць шпіталізаваць толькі пры пэўных ўмовах.

У адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя № 690 ад 1 ліпеня 2020-га, з сярэднецяжкай і цяжкай формай каранавіруса пакінуць лячыцца дома пад назіраннем. Шпіталізаваць такіх пацыентаў могуць толькі пры пэўных умовах. Напрыклад, пры наяўнасці «абцяжарваючых фактараў»:

  • захворванні, якія павялічваюць рызыку (лішняя вага, дыябет, хранічная кардыяваскулярная паталогія, хранічная паталогія лёгкіх, рак, ВІЧ ды іншыя),
  • узрост большы за 55 гадоў,
  • патрэба ў гідраксіхларахіне,
  • востры распіраторны дыстрэс-сіндром.

Раней шпіталізавалі ўсіх з COVID-19 ці з падазрэннем на яго, і на абцяжарваючыя фактары ўвагі не звярталі, піша «Еўрарадыё».

Чытайце таксама: Тры станоўчыя тэсты, але прычына смерці не COVID-19. У Гродне памерла жанчына, якую выпісалі і шпіталізавалі зноў

Змяніліся крытэрыі пастаноўкі дыягназу COVID-19. Калі раней патрабаваліся два станоўчыя тэсты на антыцелы, наяўнасць сімптомаў, то цяпер будзе дастаткова аднаго тэсту і наяўнасці сімптомаў.

Перад планавай аперацыяй — тэст

Загадам, падпісаным міністрам Уладзімірам Каранікам, абумоўлена яшчэ адно новаўвядзенне — пры планавых шпіталізацыях усіх будуць правяраць на наяўнасць каранавіруса.

Паводле новых правіл за два-тры дні да шпіталізацыі на планавую аперацыю лекары будуць глядзець, ці ёсць у пацыента сімптомы COVID-19. Калі іх няма, то людзей будуць тэставаць на карнавірус метадам ПЦР. Тыя ж прынцыпы датычаць шпіталізацыі цяжарных. Пры шпіталізацыі ў тэрапеўтычныя ці педыятрычныя аддзяленні таксама за 2−3 дні да гэтага назіраюць за сімптомамі і кантралююць тэмпературу цела. Ці рабіць экспрэс-тэст у выпадку іх адсутнасці, будзе вырашаць лекар. Пацыента будуць папярэджваць, каб ён абмежаваў свае кантакты, каб знізіць рызыку заражэння.

Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму

29 чэрвеня Міністэрства аховы здароўя абвесціла аб вяртанні беларускіх бальніц да звычайнага рэжыму працы і планавай шпіталізацыі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня сказаў, што Беларусь перамагла каранавірус.

«На перадавой з-за каранавіруснай інфекцыі апынуліся медыкі, — цытуе яго БелТА. — Наша сістэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі».

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).